«Ён выдатна ведае, што Украіна не мае да гэтага ніякага дачынення». У Кіеве пракаментавалі словы Лукашэнкі пра «Крокус»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Чарговая спроба Лукашэнкі прапанаваць сябе ў якасці пасярэдніка для перамоваў паміж Кіевам і Масквой выглядае абсурдна і недарэчна — гэтак жа, як і яго спробы падыграць Расіі ў яе пошуках «украінскага следу» ў тэракце ў «Крокус Сіці Холе». Пра гэта «Люстэрку» заявіў старшыня камітэта Вярхоўнай рады Украіны па замежнай палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Меражко.

Глава комитета Верховной рады по внешней политике и межпарламентскому сотрудничеству Александр Мережко, 2022 год. Фото: страница собеседника в Facebook
Кіраўнік камітэта Вярхоўнай рады па замежнай палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Меражко, 2022 год. Фота: старонка суразмоўцы ў Facebook

«Што да тэрарыстычнага акту ў „Крокусе“, то, я ўпэўнены, Лукашэнка выдатна ведае, што Украіна не мае да гэтага ніякага дачынення. Больш за тое, ён ведае, што заходнія дзяржавы перадалі Пуціну неабходную інфармацыю пра падрыхтоўку тэракту, якую Пуцін цалкам свядома праігнараваў. Відавочна, Пуцін і яго спецслужбы былі непасрэдна датычныя да арганізацыі і здзяйснення тэракту, альбо Пуцін спецыяльна дапусціў здзяйсненне тэракту, каб скарыстацца ім і абвінаваціць Украіну. Пуцін у роспачы і ідзе на любую правакацыю, каб хоць неяк пераключыць увагу са сваіх злачынстваў. Усё гэта, паўтараю, Лукашэнка выдатна разумее і, відавочна, вырашыў па-рабску падыграць крамлёўскаму дыктатару», — заявіў Меражко, каментуючы словы Лукашэнкі пра тое, што за «ўкраінскім следам» стаяць іншыя сілы, а ўкраінцы проста «патроны падносілі».

Старшыня камітэта Вярхоўнай рады Украіны па замежнай палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве таксама растлумачыў, што пры ўсім жаданні Аляксандра Лукашэнкі ён не можа быць пасярэднікам, бо ён суўдзельнік агрэсіі.

«Спроба Лукашэнкі зноў прапанаваць сябе ў якасці пасярэдніка для камунікацыі з Пуціным выглядае абсурдна і недарэчна. Лукашэнка не можа ў прынцыпе прэтэндаваць на такую ролю, бо ён суўдзельнік расійскай агрэсіі», — падкрэсліў украінскі палітык.

Нагадаем, сёння, 11 красавіка, расійскі прапагандыст пацікавіўся ў Лукашэнкі, «як размаўляць» Маскве з Кіевам пасля заяваў расійскіх афіцыйных асобаў пра датычнасць Украіны да тэракту ў «Крокус Сіці Холе».

На гэта Лукашэнка заявіў, што гатовы «ўклініцца і дапамагчы», а Масква з Кіевам не гаворыць цяпер і наўрад ці будзе рабіць гэта ў будучыні.

«Чаго вы будзеце поўзаць перад кімсьці і прасіцца пагаварыць пра „Крокус“. Цяпер трэба да канца разабрацца. Украінцы ўкраінцамі. Але за ўкраінцамі, вы правільна выявілі, стаяць пэўныя сілы. Вы таксама іх ведаеце. Вось з тымі трэба размаўляць. А ўкраінцы тут патроны падносілі», — адказаў Лукашэнка.

Адказнасць за тэракт у падмаскоўным «Крокус Сіці Холе», які забраў 144 жыцці, узяла на сябе «Ісламская дзяржава», пра датычнасць групоўкі да злачынства кажуць і амерыканскія спецслужбы, яны таксама папярэджвалі Маскву пра падрыхтоўку тэракту. Пры гэтым прэзідэнт Уладзімір Пуцін неаднаразова намякаў на «ўкраінскі след», кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў дапускаў, што да тэракту могуць быць датычныя ЗША, Вялікабрытанія і Украіна, пра гэта ж кажуць усе найвышэйшыя расійскія чыноўнікі — пачынаючы ад сакратара Савета бяспекі Расіі Мікалая Патрушава і заканчваючы кіраўніком МЗС РФ Сяргеем Лаўровым. «Украінскі след» таксама актыўна прасоўваецца ў расійскіх дзяржаўных медыя. Украіна не раз катэгарычна абвяргала сваю датычнасць да тэракту ў «Крокус Сіці Холе».