Пайшлі на хітрасць і дабіліся свайго. Расказваем пра самыя незвычайныя выбары, якія ўлады Беларусі сфальсіфікавалі на карысць апазіцыі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

На 2016 год у краіне былі запланаваныя чарговыя выбары ў ніжнюю палату беларускага парламента — Палату прадстаўнікоў. Асаблівых ілюзій наконт гэтага ніхто ў апазіцыі не меў, але здарыўся цуд: дэпутатамі сталі дзве кандыдаткі з лагеру праціўнікаў Лукашэнкі. Праўда, каб уключыць іх у парламент (як мінімум у выпадку адной із іх), улады сфальсіфікавалі выбары. Навошта яны так зрабілі, у чым быў іх план і якія гэта мела наступствы? Успамінаем.

За доўгія гады свайго кіравання Лукашэнка і яго прыхільнікі ў парламенце выйгралі ўсе выбары — ва ўсялякім выпадку, пра гэта кожны раз заяўляў цалкам падкантрольны палітыку Цэнтрвыбаркам. Насамрэч (калі выключыць першыя прэзідэнцкія выбары 1994 года) вынікі заўсёды фальсіфікаваліся, прадзяржаўныя СМІ хлусілі, а на незалежных кандыдатаў ціснулі. Каб не даць пра гэта забыць, мы расказваем пра кожную выбарчую кампанію эпохі Лукашэнкі ў праекце «Без выбару».

Сітуацыя ў краіне і сустрэча «нармандскай чацвёркі»

За год да гэтага, у кастрычніку 2015-га, у краіне прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары. Аляксандру Лукашэнку звыкла намалявалі перамогу — 83,5%, яго галоўнай суперніцы Таццяне Караткевіч — 4,4%. Насамрэч жа выбары сфальсіфікавалі. На шэрагу ўчасткаў, дзе праходзіла назіранне, Караткевіч набірала больш за 20%. Згодна з апытаннем незалежных сацыёлагаў (інстытута НІСЭПД), за Лукашэнку прагаласавалі 35,6%, за Караткевіч — 15,7%. Хутчэй за ўсё, калі б не фальсіфікацыя, мусіў прайсці другі тур.

Аднак ніякіх пратэстаў (акрамя невялікай акцыі, у якой узяло ўдзел 100−200 чалавек) не было: памяць пра папярэдні брутальны разгон пасля выбараў-2010 была моцная. Гвалту з боку сілавікоў таксама не здарылася.

Фото: Reuters
Перамовы «нармандскай чацвёркі» ў Мінску, 2015 год. Фота: Reuters

Да таго ж у замежнай палітыцы працягвалася пацяпленне ў адносінах з Захадам. Іх пікам стала сустрэча ў Мінску «нармандскай чацвёркі»: каб абмеркаваць сітуацыю ва Украіне (за год да гэтага Расія пачала анексію яе тэрыторыі), у Беларусь у лютым 2015-га прыехалі прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і канцлерка Германіі Ангела Меркель. Пазней Лукашэнка скажа, што яго роля ў тую ноч была «прынесці каву і боепрыпасы». Аднак у цэлым сустрэча ў Мінску была яго вялікім замежнапалітычным поспехам.

Якіх-кольвек пагроз беларускія ўлады на гарызонце не бачылі. Гэтыя абставіны дазвалялі спадзявацца, што выбары пройдуць спакойна, а Лукашэнка пойдзе хаця б на мінімальную лібералізацыю ва ўнутранай палітыцы. Тым больш ніжэй апускацца ўжо, здавалася, не было куды: у Палаце прадстаўнікоў, паўнамоцтвы якой заканчваліся ў 2016-м, не было ніводнага прадстаўніка апазіцыі. А з усіх дэпутатаў толькі пяцёра былі прадстаўнікамі палітычных партый — вядома, праўладных.

Усеагульная апатыя і Лукашэнка ў тэлевізары

6 чэрвеня 2016 года стала вядома пра старт электаральнай кампаніі: датай галасавання вызначылі 11 верасня. Ніякіх сур’ёзных адрозненняў ад папярэдніх выбараў ніхто не чакаў. Шэсць чальцоў Цэнтрвыбаркама прызначаліся Аляксандрам Лукашэнкам, яшчэ шэсць — Саветам Рэспублікі, які фармаваўся з яго непасрэдным удзелам і пад яго кантролем. «Гэтая акалічнасць ставіць пад сумнеў незалежнасць выбарчай адміністрацыі, бо на практыцы прыводзіць да дамінавання праўрадавых сіл, якія атрымліваюць вырашальную большасць ва ўсіх выбарчых камісіях», — акуратна пісалі назіральнікі ад АБСЕ. Калі казаць адкрытым тэкстам, то выбары, як і ў ранейшыя гады, праходзілі пад поўным кантролем уладаў.

Апазіцыю да падліку не падпускалі. Незалежныя партыі даслалі 514 заявак на ўключэнне ў выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў — зацвердзілі толькі 53 (10,4%). У выніку прыхільнікі апазіцыі склалі менш за 0,1% усіх сябраў гэтых камісій. Затое былі зацверджаныя 96,9% кандыдатаў ад праўладных партый і 94,2% — ад праўладных грамадскіх аб’яднанняў. У цэлым жа большасць участковых выбарчых камісій (УВК) складаліся з супрацоўнікаў з аднаго месца працы, а іх кіраўнікі часцяком станавіліся старшынямі УВК. У дадатак у акруговых выбарчых камісіях (гарадскіх, раённых) большасць кіраўнічых пазіцый займалі прадстаўнікі мясцовых выканкамаў.

Афиша о предстоящих парламентских выборах 2016 года. Фото: Bladyniec, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Афіша блізкіх парламенцкіх выбараў 2016 года. Фота: Bladyniec, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

11 жніўня, пасля таго як былі зарэгістраваныя ўсе кандыдаты, пачалася самая актыўная фаза кампаніі. Зрэшты, актыўнай яе можна было назваць толькі з вялікай нацяжкай. Як адзначалі назіральнікі, агітацыя праходзіла «ва ўмовах строгага рэгулявання з абмежаваннем асноўных грамадзянскіх свабодаў». Сустрэч з выбаршчыкамі было няшмат, іх наведвальнасць часцей за ўсё аказвалася нізкай. Выключэнне складалі мерапрыемствы, якія арганізоўваліся праўладнай «Белай Руссю», што дазваляе дапусціць, што іх наведванне было добраахвотна-прымусовым. Часцей за ўсё кандыдаты праводзілі невялікія сустрэчы з выбаршчыкамі, вулічныя пікеты, размяшчалі плакаты ў вітрынах крамаў і раскідвалі па дамах агітацыйныя ўлёткі. У апошнія два тыдні перад галасаваннем з’явілася невялікая колькасць рэкламных шчытоў. «Большасць [кандыдатаў] аддала перавагу таму, каб не праводзіць актыўную агітацыю, што ўзмацніла паўсюдную апатыю сярод выбаршчыкаў», — гаворыцца ў справаздачы місіі АБСЕ.

Адной з важных прычын такой атмасферы было даўняе нявер’е, што выбары ў парламент могуць нешта змяніць. У варыянце Канстытуцыі, які Лукашэнка «праціснуў» праз рэферэндум 1996 года, з’явілася наступнае палажэнне: «Законапраекты, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне выдаткаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды прэзідэнта альбо на яго даручэнне — урада». Пад гэтую фармулёўку можна было падагнаць любы дакумент, ды і цяжка ўявіць сабе праект закона, пра які можна адназначна сказаць загадзя, што ён не запатрабуе карэктавання дзяржаўных выдаткаў. Гэта стала адной з прычын, чаму з таго часу заканадаўчая ініцыятыва нават нямногіх апазіцыйных дэпутатаў была практычна зведзеная да нуля.

Белорусский военнослужащий выходит из кабины для голосования на избирательном участке во время парламентских выборов в Минске, Беларусь, 11 сентября 2016 года. Фото:
Вайсковец выходзіць з кабіны для галасавання на выбарчым участку падчас парламенцкіх выбараў у Мінску, 11 верасня 2016 года. Фота: Reuters

Сваю ролю ў фармаванні абыякавасці ў выбаршчыкаў гралі і дзяржаўныя СМІ, якія звыкла прысвяцілі Лукашэнку і ўрадавым чыноўнікам 82% палітычнага тэлеэфіру ў прайм-тайм. Яшчэ 17% часу даставалася старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, а ўсе разам узятыя кандыдаты ў дэпутаты атрымалі 1%. Прычым апошнія згадваліся ў сукупнасці, без адсылкі да канкрэтных асобаў. Тое самае было на дзяржаўным радыё, якое гучала з радыёкропак у многіх дамах.

Незалежныя СМІ, наадварот, давалі падрабязную і разнастайную інфармацыю пра агітацыйныя мерапрыемствы і кандыдатаў. Але магчымасці доступу да аўдыторыі ў іх былі меншыя. Была і іншая прычына, з якой незалежныя СМІ не маглі асвятляць выбары на 100% эфектыўна. Як адзначалі назіральнікі, на такія выданні распаўсюджвалася «крымінальная адказнасць за дыскрэдытацыю, паклёп і абразу, а таксама забарона на заклікі да байкоту выбараў». У гэтых умовах рызыкаваць хацелі і маглі не ўсе. У выніку, паводле ацэнкі назіральнікаў АБСЕ, «перадвыбарчая кампанія была малапрыкметнай. Асвятленне кампаніі ў СМІ не дазволіла выбаршчыкам зрабіць усвядомлены выбар».

Падлік і падтасоўкі

Улады звыкла заганялі выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне. Паводле афіцыйных звестак, яўка падчас яго склала 31% выбаршчык. Аднак яна была значна вышэйшай на ўчастках на дзяржаўных прадпрыемствах і ў студэнцкіх інтэрнатах — якраз там выбаршчыкаў прымушалі галасаваць датэрмінова. Калі назіральнікам удавалася ўбачыць журнал тых, хто прагаласаваў, па колькасці іх подпісаў было відаць, што рэальная яўка значна ніжэйшая, чым у пратаколах УВК (а бывала, што колькасць подпісаў супадала, але многія з іх выглядалі аднолькава). У 17% выпадкаў штодзённыя пратаколы не вывешваліся для ўсеагульнага доступу — такім чынам камісіі ўскладнялі адсочванне рэальнай яўкі і стваралі сабе магчымасць для прыпісак.

Таксама не было належнага кантролю над урнамі для галасавання. На амаль палове ўчасткаў, дзе былі назіральнікі, урна не была змешчаная ў сейф альбо металічную скрыню на час перапынкаў, як гэтага патрабуе закон. Тым больш ніхто з боку не мог адсачыць, што адбываецца з урнай ноччу ў закрытым памяшканні, доступ да якога ёсць у чальцоў УВК. Гэта давала магчымасць для маніпуляцый з бюлетэнямі.

Печать на урне для досрочного голосования в Слуцке. Снимок слева сделан вечером последнего дня досрочного голосования, снимок справа — утром следующего дня. Фото: Bladyniec, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Пячатка на скрыні для датэрміновага галасавання на выбарах 2016 года ў Слуцку. Здымак злева зроблены ўвечары апошняга дня датэрміновага галасавання, здымак справа — раніцай наступнага дня. Фота: Bladyniec, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

У асноўны дзень галасавання да выбараў было прыкавана больш увагі. Аднак большасць акрэдытаваных назіральнікаў былі прадстаўнікамі праўладных грамадскіх аб’яднанняў, якія часцяком удзельнічалі і ў агітацыі за кандыдатаў ад улады. Незалежным назіральнікам, як правіла, не дазвалялі праглядаць спісы выбаршчыкаў (каб адсачыць яўку) і не выдавалі завераныя копіі пратаколаў (іх потым можна было б выкарыстоўваць для доказу парушэнняў).

Як адзначаецца ў справаздачы АБСЕ, у краіне адсутнічаў адзіны спіс выбаршчыкаў. Гэта стварала магчымасць для «каруселяў» — адны і тыя ж людзі маглі галасаваць некалькі разоў на розных участках. На 18% УВК, дзе былі назіральнікі, пустыя бланкі бюлетэняў не былі змешчаныя ў іх поле зроку — немагчыма было пракантраляваць, ці не выкарыстоўваюцца яны для ўкідаў. На 10% назіраных участкаў прысутнічалі агітацыйныя матэрыялы або вялася агітацыя, што забаронена ў дзень галасавання. Было некалькі выпадкаў прымусу выбаршчыкаў да выбару таго ці іншага кандыдата.

Вялікая колькасць парушэнняў была падчас падліку галасоў — на 24% участкаў, дзе былі назіральнікі, падлік атрымаў негатыўную ацэнку, то-бок быў прызнаны непрымальным. На 27% участкаў назіральнікаў не падпускалі блізка да стала, дзе вёўся падлік, сябры камісій не дэманстравалі бюлетэні і не агучвалі колькасці галасоў за кандыдатаў (як правіла, яны хутка раскладвалі высыпаныя бюлетэні з урны кожны сам сабе ў стосік, моўчкі падлічвалі, колькі ў каго галасоў за кожнага кандыдата, і перадавалі кіраўніку камісіі на паперцы лічбы, якія потым падсумоўваліся. У такіх умовах назіральнікам амаль немагчыма было адсачыць, рэальныя гэта лічбы ці не. — Заўв. рэд.). У 21% выпадкаў агучаныя вынікі не пералічваліся, а сапсаваныя бюлетэні не былі спакаваныя і апячатаныя. Былі адзначаныя прыкметы ўкіду бюлетэняў — у скрынях на ўчастках у асноўны дзень (13% назіранняў), урнах для галасавання дома (8% назіранняў) і урнах для датэрміновага галасавання (8% назіранняў). У 10% выпадкаў подпісы сябраў камісій у выніковых пратаколах былі прастаўленыя загадзя, яшчэ да падліку галасоў.

Мальчик наблюдает из кабины для голосования, как его мать голосует во время парламентских выборов на избирательном участке в деревне Королев Стан под Минском. 11 сентября 2016 года. Фото: Reuters
Хлопчык назірае з кабіны для галасавання, як яго маці галасуе падчас парламенцкіх выбараў на выбарчым участку ў вёсцы Каралёў Стан пад Мінскам. 11 верасня 2016 года. Фота: Reuters

Міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ былі і пры кожнай са 110 акруговых выбарчых камісій, дзе зводзіліся вынікі з участкаў. У 25% выпадкаў гэты працэс атрымаў негатыўную ацэнку: пратаколы перадаваліся з затрымкай, а больш чым палова акруговых камісій наогул перапыніла працэс звядзення вынікаў на ноч да раніцы.

«Заканадаўчыя патрабаванні да падліку, як і іх прымяненне, мелі на ўвазе немагчымасць правядзення сумленнага падліку галасоў», — зрабілі выснову эксперты АБСЕ.

Па выніках галасавання ў выбарчыя камісіі, мясцовыя органы ўлады і суды падалі амаль 1600 скаргаў і апеляцый. Толькі малую частку з іх разгледзелі на адкрытых паседжаннях і яшчэ менш рашэнняў апублікавалі, хоць гэтага патрабаваў закон. Усе запыты назіральнікаў і кандыдатаў на пералік галасоў і прызнанне вынікаў несапраўднымі былі адхіленыя як неправамоцныя альбо з указаннем, што парушэнні нібыта нязначныя і не паўплывалі на вынік галасавання.

Сенсацыя ад апазіцыі

Нядзіўна, што ў цэлым вынікі выбараў аказаліся абсалютна прадказальнымі. Пераможцамі з высокімі паказчыкамі сталі прадстаўнікі ўлады. Напрыклад, Уладзімір Андрэйчанка — спікер Палаты прадстаўнікоў і былы губернатар Віцебшчыны — прайшоў у парламент з вынікам 86,8% (гэта было нават вышэй, чым 83,5% Лукашэнкі на выбарах-2015). На Брэстчыне першая прарэктарка Баранавіцкага ўніверсітэта Таццяна Якубовіч была абвешчаная пераможцай з вынікам 77,6%. На Гомельшчыне начальнік упраўлення аховы здароўя абласнога выканкама Мікалай Васількоў набраў 78,3%. У Гродне камандзіру вайсковай часткі 2044 Аляксандру Маркевічу «забяспечылі» 78%. На Магілёўшчыне памочніку Лукашэнкі Дзмітрыю Гобараву — 82,7%. У Мінскай вобласці ўсіх абышла намесніца міністра сельскай гаспадаркі Людміла Ніжэвіч — 80,3%. І толькі ў традыцыйна пратэсным Мінску былі названыя ніжэйшыя лічбы. Напрыклад, дыпламат Валерый Варанецкі перамог з 40,7%, а спявачка Ірына Дарафеева — з 39,3%.

Цягам трох гадоў — тэрмін працы гэтай Палаты прадстаўнікоў аказаўся рэкордна малым, пра што мы раскажам ужо ў наступным тэксце нашага цыклу — усе яны паслухмяна рэалізоўвалі палітыку ўлады.

Тым не менш тым разам здарылася сенсацыя: упершыню за 12 гадоў (і — на гэты момант — апошні раз) у беларускім парламенце з’явіліся прадстаўнікі апазіцыі. Праўда, усяго двое.

Алена Анісім. Фота: TUT.BY

Кім былі гэтыя дэпутаты? У Стаўбцоўскай акрузе перамагла Алена Анісім — навуковая супрацоўніца Інстытута мовазнаўства пры Акадэміі навук і намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы. У Кастрычніцкай акрузе Мінска перамогу святкавала Ганна Канапацкая, юрыстка і прадпрымальніца, якая вылучалася ад апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Аднак хутка стала зразумела, што падставаў для радасці няшмат.

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заявілі, што не працавалі ў акрузе Анісім, затое былі на трох участках у Кастрычніцкай акрузе Мінска, дзе абіралася Канапацкая. Паводле праваабаронцы Вадзіма Лабковіча, на гэтых участках гэтак жа, як і на іншых, фіксавалася завышэнне яўкі па датэрміновым галасаванні, а падлік галасоў «праходзіў класічна». Таму ні пацвердзіць, ні абвергнуць перамогу апазіцыянерак праваабаронцы не змаглі. Пра фальсіфікацыю — на адным з участкаў яўку павялічылі ўдвая, с 25% да 51,6% — пісала «Наша Ніва».

Важны нюанс заключаўся ў тым, што па той самай акрузе, што і Канапацкая, ішла і Таццяна Караткевіч. Нагадаем, што ўсяго за год да гэтага яна вылучалася ў прэзідэнты і дасягнула нядрэнных вынікаў. Таму грамадская кампанія «Гавары праўду», якую яна прадстаўляла, вырашыла абараніць галасы сваёй кандыдаткі і забяспечыла наглядам усе ўчасткі акругі. Паводле іх інфармацыі, за час выбараў 13 назіральнікаў «Гавары праўду» былі пазбаўленыя акрэдытацыі ці выдаленыя з участкаў. Такая ж доля спасцігла і пяцярых давераных асобаў кандыдатаў. Трое назіральнікаў былі вымушаныя скласці паўнамоцтвы з прычыны адміністрацыйнага ціску па месцы навучання або працы.

Тым не менш удалося сабраць поўныя вынікі назірання на 27 участках з 29. Выснова была наступная: яўка на акрузе № 97 была сфабрыкаваная. Паводле інфармацыі назіральнікаў, у галасаванні ўзяло ўдзел усяго 40,6% выбаршчыкаў. Быў зафіксаваны ўкід амаль 12 тысяч бюлетэняў — дзякуючы гэтаму афіцыйную яўку дацягнулі да 59,7%. «Гавары праўду» адзначала, што толькі на трох з 29 выбарчых участкаў быў адкрыты і галосны падлік галасоў. У астатніх выпадках назіральнікі не змаглі кантраляваць працэс. Яны прыйшлі да высновы, што выбары ў Кастрычніцкай акрузе № 97 не адбыліся (на ўчасткі прыйшла менш чым палова выбаршчыкаў), а Канапацкая была не абраная, а прызначаная дэпутаткай.

Ганна Канапацкая. Фота: TUT.BY

Як адзначаў тады аналітык Юрый Дракахруст, экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч не пусцілі ў парламент паказальна і баючыся росту яе падтрымкі: «Немаленькі працэнт галасоў, якія набрала летась Караткевіч (паводле звестак незалежных апытанняў — дык і вельмі немаленькі), у выпадку яе трапляння ў парламент рабіў яе патэнцыйна небяспечнай фігурай».

Тады аналітык характарызаваў абедзвюх новаабраных дэпутатак як прадстаўніц апазіцыі — Анісім хоць і не была сяброўкай якой-кольвек партыі, але прадстаўляла незалежную грамадскую арганізацыю, што «нярэдка крытыкуе дзяржаўную палітыку».

«Зразумела, што абедзве яны надвор’я ў палаце не зробяць і нават прынцыпова не зменяць. Але ў парламенце цяперашняга склікання не было і такіх. І папярэдняга склікання — не было. А цяпер будуць. Была аж такой магутнай іх народная падтрымка, што ўлада нічога не магла з гэтым зрабіць, ці адбылося фактычна прызначэнне іх дэпутаткамі — на самай справе важнейшае тое, што яны там аказаліся», — падкрэсліваў Дракахруст.

Як неўзабаве стане ясна, такім чынам улады забілі адразу некалькіх зайцоў: узмацнілі разлад сярод апазіцыйных сіл, прадэманстравалі нібыта «дэмакратызацыю» палітычнай сістэмы (што было дарэчы ў перамовах з заходнімі партнёрамі) і пры гэтым маглі заяўляць: вось такая, маўляў, «рэальная» падтрымка апазіцыі — хапіла толькі на двух дэпутатаў.

«Для замежжа прысутнасць у парламенце нават аднаго прадстаўніка заведамай, бясспрэчнай апазіцыі моцна ўплывае на ацэнкі. Раней назіральнікі АБСЕ, адзначаючы прагрэс правядзення выбараў, казалі пра рэчы ўскосныя і працэдурныя. Цяпер гаворка ідзе пра іншы вынік — было нуль апазіцыянераў, стаў адзін. Ці нават два», — канстатаваў Дракахруст.

Стаўка АГП і спроба пратэстаў

Аб’яднаная грамадзянская партыя, якая вылучала Канапацкую, таксама прызнала выбары-2016 у цэлым несумленнымі. «Улада кантралявала гэты працэс на ўсіх выбарчых акругах. Было б па-дурному заяўляць, што на 109 акругах ўлада кантралявала, а на адным — не», — канстатаваў кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. Аднак партыя вырашыла выкарыстаць атрыманы мандат у парламенце для прасоўвання сваёй праграмы. І атрымала шмат крытыкі ад іншых апазіцыйных сіл — маўляў, пагадзілася на прапанаваную ўладамі гульню і не адмовілася ад несумленнай перамогі.

Голосование на парламентских выборах 2016 года. Фото: TUT.BY
Галасаванне на парламенцкіх выбарах 2016 года. Фота: TUT.BY

Паводле Лябедзькі, з Канапацкай была падпісаная спецыяльная дамова з пералікам таго, чаго ад яе як сваёй прадстаўніцы чакае партыя падчас дэпутацтва: «Калі каротка сказаць, там было наступнае. Яна лабіруе тэму свабодных і сумленных выбараў. Другое — праграма „Мільён працоўных месцаў“. Гэта эканамічныя рэформы». Аднак першы пункт Ганна выконваць не стала: «За ўвесь час у яе не было ніводнага выступу, які б закранаў тэму свабодных і сумленных выбараў. У яе не было ніводнага выступу з крытыкай персанальна беларускага кіраўніка і ягонага атачэння. І мы разумеем, што гэта была ўмова з таго боку», — адзначаў Лябедзька.

Канапацкая ўдзельнічала ў працы над змякчэннем 328-га «наркатычнага» артыкула Крымінальнага кодэкса, прапаноўвала папраўкі для змяншэння ролі дзяржавы ў зямельных адносінах, прасоўвала законапраект па ахове бел-чырвона-белага сцяга з унясеннем яго ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў (праўда, безвынікова). Але пад канец сваёй кадэнцыі ў 2019-м яна вынесла на разгляд законапраект «Пра гарантыі прэзідэнту Беларусі, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і яго сям'і» (яго прынялі толькі праз пяць гадоў). Ганна тады запэўнівала, што яна набліжае змену ўлады і такі закон неабходны, каб аўтакрат не баяўся пакінуць уладу і з часам пагадзіўся на дэмакратычны транзіт. Пасля гэтага Канапацкую выключылі з АГП праз «страту даверу». Гэтая ініцыятыва дэпутаткі стала сімвалам яе павароту да ўладнага лагера і пазней прывяла да статусу спарынг-партнёркі Лукашэнкі на выбарах 2020 і 2025 гадоў.

Але вернемся ў 2016-ы. На наступны дзень пасля галасавання, 12 верасня, у Мінску прайшла акцыя апазіцыі з патрабаваннем сумленных выбараў. Да яе пачатку на Кастрычніцкай плошчы сабралася каля 150 удзельнікаў, усяго ж у акцыі ўзяло ўдзел каля 300 чалавек. Актывісты разгарнулі расцяжкі «За новыя выбары» і «Лукашэнка, сыходзь», некаторыя трымалі бел-чырвона-белыя сцягі. На плошчу прынеслі гукаўзмацняльную апаратуру, гучалі песні Brutto і Лявона Вольскага.

Акция протеста после подведения итогов парламентских выборов 2016 года. Выступает Владимир Некляев. Справа от него Николай Статкевич. 12 сентября 2016 года. Фото: TUT.BY
Акцыя пратэсту пасля падвядзення вынікаў парламенцкіх выбараў. Выступае Уладзімір Някляеў. Справа ад яго Мікалай Статкевіч. 12 верасня 2016 года. Фота: TUT.BY

Сярод прысутных былі апазіцыйныя палітыкі: Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі і Алесь Лагвінец (усе яны цяпер у эміграцыі), а таксама Павел Севярынец і Зміцер Дашкевіч (цяпер яны за кратамі). Калі чарга выступаць дайшла да лідара прадпрымальніцкага руху Алеся Макаева, да яго падышоў капітан міліцыі і паспрабаваў скласці пратакол за несанкцыянаваны мітынг. Пратэстоўцы паспрабавалі адціснуць міліцыянта ад Макаева, паміж актывістамі і міліцыянтамі ў цывільным нават пачалася бойка, але апошнім удалося вывесці капітана з пратаколам з натоўпу. Тым часам асноўная маса пратэстоўцаў, каля 300 чалавек, пайшла калонай па праспекце Незалежнасці і дайшла да Дома ўрада (пазней Рымашэўскага аштрафавалі за гэтае шэсце). На гэтым пратэсты пасля выбараў 2016 года завяршыліся.

Чытайце таксама