У канцы лютага 2025 года Дар’я адпачывала ў ААЭ. У дзень вяртання ў Польшчу, дзе жыве дзяўчына, у яе ўзнік канфлікт з дзвюма полькамі. Адна з іх палічыла, што праз беларуску не зможа забраць з пляжа забыты там пярсцёнак. Гісторыя скончылася рукапрыкладствам. Дар’я расказала падрабязнасці таго, што здарылася, MOST.
«Паважайце нас, еўрапейцаў»
Каб дабрацца да аэрапорта, Дар’я скарысталася трансферам ад гатэля. У ім удзельнічалі тры групы турыстаў з розных гатэляў, якія знаходзіліся на значнай адлегласці адзін ад аднаго.
У нейкі момант адна з пасажырак пачала прасіць кіроўцу вярнуцца: яна забыла на пляжы заручальны пярсцёнак. Кіроўца звязаўся з начальствам, але тое адмовіла, баючыся, што праз заторы турысты спозняцца на рэйс.
— Я прапанавала дамам, якія забылі пярсцёнак, узяць таксі, каб не рызыкаваць і не ствараць затрымкі для іншых пасажыраў. Гэта былі полькі — маці і дачка, — успамінае той дзень Дар’я. — Старэйшая з дамаў звярнулася да ўсяго трансферу і папрасіла паехаць на пляж. Я адказала, што нават транспартная кампанія адхіліла такую просьбу. А яна, пачуўшы, што я гавару з акцэнтам, абурана сказала: «Паважайце нас, еўрапейцаў».
Дар’я патлумачыла, што яна таксама грамадзянка Польшчы. Дзяўчына атрымала польскі пашпарт у 2022 годзе. У адказ на гэта, паводле беларускі, полька звярнулася да сваёй дачкі са словамі: «Кіроўца б пагадзіўся паехаць на пляж, але гэтая нібыта грамадзянка нагаварыла яму».
«Узяць і забіць»
Дар’я папрасіла жанчыну перастаць на яе нагаворваць. Але тады, успамінае дзяўчына, пасажырка абрынулася на яе са словамі: «Правальвай ва Украіну. Мы ад вас стаміліся. Прэч да сябе. І замоўкні».
— Я адказала, што я з Беларусі, і папрасіла ўстрымацца ад выказванняў. Але яна працягнула: «Трэба ўзяць і забіць. Даць такому чалавеку прытулак. Бацькі расказвалі, як украінцы гвалтавалі польскіх жанчын». І многае іншае. Усё гэта я запісала на дыктафон, — кажа дзяўчына. Яна сапраўды перадала рэдакцыі MOST аўдыёзапісы, але іх якасць не вельмі высокая і на іх не трапіў пачатак канфлікту. — І раптам яе дачка ўдарыла мяне па твары. Я сядзела спераду, а яны за мной. Кіроўца адразу пачаў адгароджваць яе рукамі.
Дар’я неадкладна паведаміла пра тое, што здарылася, сваёй турагентцы. Тая параіла звярнуцца ў паліцыю ў Польшчы.
Прыбыўшы ў дубайскі аэрапорт, Дар’я ўсё ж вырашыла паразмаўляць з мясцовымі праваахоўнымі органамі. Тыя прапанавалі ехаць у пастарунак, каб падаць заяву. Але да рэйса заставалася ўсяго дзве гадзіны, таму беларуска адмовілася і вырашыла прыслухацца да парады турагенткі.
11 тысяч злотых на адваката
Дар’я ўжо пракансультавалася з адвакатам. Той сказаў дзяўчыне, што падчас канфлікту была парушаная яе цялесная недатыкальнасць і яе абразілі ў публічным месцы на нацыянальнай глебе. Паводле юрыста, гэтага дастаткова, каб падаць пазоў у суд. Праўда, гарантыі, што дзяўчына яго выйграе, няма.
— Я хачу пайсці ў суд. У мяне ёсць доказы і сведкі. Але цяпер вырашаю, ці вартае яно таго.
Паводле падлікаў Дар'і, на адваката давядзецца выдаткаваць 11 тысяч злотых (больш за 9000 рублёў паводле цяперашняга курсу). З іх 2,5 тысячы будзе каштаваць складанне заявы ў паліцыю і 3,5 тысячы — вядзенне справы.
— Суд, калі і будзе, то будзе праходзіць у Катавіцах (па месцы жыхарства нападніка. — Заўв. MOST), і за кожны выезд адваката я павінная аддаць 1000 злотых (825 рублёў. — Заўв. рэд.). Плюс мае выдаткі на дарогу і жыллё. І будзе адзін суд ці дзесяць — невядома, — кажа дзяўчына.
Яна таксама не ўпэўненая, ці ёсць у крыўдзіцелькі даход, каб кампенсаваць шкоду, калі яе прызнаюць вінаватай. Яна баіцца, што тая будзе выплачваць толькі мізэрную кампенсацыю. Цяпер жанчына шукае юрыстаў, якія гатовыя аказаць падтрымку бясплатна або па цане, ніжэйшай за рынкавую.
У Дар'і няма кантактаў жанчын, якія былі з ёй у аўтобусе, таму MOST не змог з імі звязацца і выслухаць іх пункт гледжання.