У XXI стагоддзі за вайной ва Украіне можна назіраць амаль у жывым эфіры. Кожны дзень у інтэрнэце публікуюцца відэа, у тым ліку знятыя «ад першай асобы». Мінамётчык палка Каліноўскага Алег «Альгерд» Аўчыннікаў таксама расказвае пра баявыя будні ў сваіх сацсетках. «Люстэрка» пагаварыла з байцом пра тое, як ён прабавіў першы за два гады адпачынак, што цяпер думаюць украінцы пра беларусаў, як праходзіць звычайны дзень мінамётчыка і чаму павольнае прасоўванне Расіі — гэта не страшна.
«Пішуць, што „продался бандерам и американцам“»
Алег жыве ва Украіне з 2014 года. Пераехаць ён быў вымушаны пасля таго, як наведаў пратэсты на Майдане і ім зацікавіліся беларускія спецслужбы. Тады ж будучы каліновец пачаў праз свае сацсеткі расказваць пра акцыі беларускай дыяспары ў Кіеве. А калі ў нашай краіне пачаліся падзеі 2020 года — паказваць украінцам, што адбываецца ў Беларусі.
Ваяваць за Украіну Алег вырашыў у першы ж дзень поўнамаштабнай вайны. Нейкі час праслужыў у тэрабароне, пакуль 9 сакавіка не сфармавалі батальён імя Каліноўскага, які праз 2,5 месяцы ператварыўся ў полк.
— Я мінамётчык, і мая задача — знішчаць ворага, — расказвае каліновец. — Да поўнамаштабнай вайны ў мяне досведу работы на мінамёце ўвогуле не было, і спачатку я быў звычайным стралком. Потым хацеў працаваць сапёрам, але мне прапанавалі пайсці ў роту цяжкага ўзбраення. Ну, я і пагадзіўся. Тады ж трапіў на 120-міліметровы мінамёт.
Алег гаворыць, што навучанне доўжылася некалькі дзён. Яно праходзіла на пазіцыях адной украінскай брыгады. Адразу пасля гэтага баец выправіўся на свой першы баявы выезд.
— Гэта ўжо ў тых, хто прыехаў пазней, пачалася нармальная вучэбка, а нам даводзілася вучыцца даволі хутка, бо вайна не чакае, — успамінае вайсковец.
Узяўшы зброю ў рукі, беларус не перастаў весці свае сацсеткі. Больш за тое, летам 2022-га ён завёў TikTok, а ў канцы 2023-га — канал у Telegram. Усе яны прызнаныя «экстрэмісцкімі» ў Беларусі, прычым Telegram-канал — аж двойчы.
— У сваіх сацсетках я расказваю пра вайну і пра сябе на гэтай вайне, — тлумачыць каліновец. — А таксама працягваю расказваць украінцам пра сітуацыю ў Беларусі, пра стаўленне беларусаў да Украіны, пра нашую падтрымку і барацьбу за свае правы.
Алег адзначае, што ў каментары прыходзяць і хейтары: «ябацькі» і «рашысты». У асноўным пішуць, што ён «продался бандерам и американцам», што «Россия скоро перебьет всех фашистов», а яшчэ называюць байца «грузам 200».
— У мяне такія словы нічога, акрамя ўсмешкі, не выклікаюць. Лукашызм і рашызм — гэта не рыса адукаванага і разумнага чалавека. А з такіх людзей заўжды смешна.
@aleh.belarus.z.kieva Беларуская помста за расійскі тэракт на Кахоўскай ГЭС Падзея, якая нікога не пакінула абыякавым. Хтосьці ратуе жывёл, хтосьці людзей, хтосьці ліквідоўвае наступствы тэракту, а хтосьці, як мы, беларускія добраахвотнікі, ліквідоўваем галоўную прычыну тэракту — расійскую акупацыю! Заўжды Ваш Алег «Альгерд» Аўчыньнікаў, баец Палка Каліноўскага (@Полк Каліноўскага) Слава Україні! 🇺 Жыве Беларусь! ⚪🔴⚪ #belaruswithukraine #війна #каховка #standwithukraine #україна #полккалиновского #зсу #пкк #беларусь #kakhovka #білорусь #russia #роднаенароднае #UAразом #ukrainians #зеленский #ukrainianswillresist #standforukraine #standwithbelarus #путин #лукашенко #СлаваУкраїні #СлаваЗСУ #бахмут #бчб #Пагоня #ЖывеБеларусь ♬ оригінальний звук — Aleh_belarus_z_Kieva
«Могуць нават відэа нашай работы скінуць»
Алег гаворыць, што час нешта посціць знаходзіцца заўсёды. Да таго ж на пазіцыях пастаянна ёсць інтэрнэт. Работа мінамётчыка такая, што можна за дзень выпусціць да 100 снарадаў, а можна суткі праседзець у чаканні каманды «Да бою!».
— Наш дзень на пазіцыі сфармаваны так, што мы сядзім ва ўкрыцці, пакуль нам не паступае каманда на работу, — тлумачыць каліновец. — Пасля выходзім, расчахляем мінамёт, зараджаем міны і страляем. Потым каманда «Ва ўкрыццё!» — і мы хаваемся.
Байцы абавязаныя дзяжурыць, у тым ліку ноччу, бо сітуацыю вакол трэба маніторыць кругласутачна. Некалькі гадзін адзін ці два чалавекі «сядзяць на рацыі» і сочаць за іншымі сродкамі сувязі, пакуль не паступіць каманда страляць.
— Бо вайна не спыняецца ні ноччу, ні днём, ні на абед, ні на вячэру. Дзяжурныя сочаць і за тым, каб на пазіцыю не прарваўся вораг. Такія сітуацыі з іншымі камандамі здараліся, а са мной і маімі пабрацімамі не было ні разу. Але асабістая зброя і гранаты ў нас заўжды напагатове. Хаця спадзяюся, што і надалей такіх здарэнняў у нас не будзе. Астатнія байцы, хто не на дзяжурстве, могуць спакойна паспаць, выпіць гарбаты ці кавы, паесці печыва.
Акрамя работы на стацыянарных пазіцыях ёсць выезды. У пікап грузяцца мінамёт, міны і іншыя рэчы, пасля на зададзеным пункце байцы выгружаюцца, акопваюцца, наладжваюць зброю. Алег гаворыць, што цэллю ў мінамётчыкаў можа быць і пяхота, якая наступае, і выяўленыя дыверсійныя групы, а таксама траншэі і бліндажы ворага. Страляюць і па варожай тэхніцы, якая захрасла ці пад’ехала на прыстрэляныя пазіцыі.
— Калі мы працуем, то асабліва і не задумваемся, куды трапіла, — гаворыць ён. — Ты проста робіш сваю справу. А ўжо потым пытаеш, куды мы трапілі, якія страты ў ворага і ўсё астатняе. Там ужо нам могуць нават відэа нашай работы скінуць.
Каліновец адзначае, што 120-міліметровы мінамёт страляе на дыстанцыю «шэсць з капейкамі кіламетраў». Звычайна яго ставяць за два ці тры кіламетры ад ворага, а, напрыклад, на Херсоншчыне была пазіцыя за кіламетр.
— Мы стараемся працаваць так, каб нас не бачылі, — падкрэслівае Алег, — бо калі нашую пазіцыю ўбачаць, то ўсё: і артылерыяй могуць накрываць, і «градамі», і дронамі, і нават КАБамі (кіравальныя авіяцыйныя бомбы. — Заўв. рэд.). Некалькі месяцаў таму ў нас была такая сітуацыя. Нашую пазіцыю «запалілі», і разведка даклала, каб рыхтаваліся да прылётаў КАБаў. Таму мы адтуль з’ехалі вельмі хутка. Такая сітуацыя са мной за ўвесь час была толькі раз, цьху-цьху-цьху. Каб такога не здаралася, мы вялікую ўвагу надаём маскіроўцы.
@aleh.belarus.z.kieva Працуе 120-мм мінамёт Батальёну «Тэрор» беларускага Полк Каліноўскага.Беларусы дапамагаюць Украіне. Не словам, а справаю! Як заўжды ваш, баец-мінамётчык Алег Аўчыньнікаў, пазыўны Альгерд. Разам да Перамогі!Слава Україні! 🇺Жывы Беларусь! ⚪🔴⚪#belaruswithukraine #війна #standwithukraine🇺 #standwithukraine #україна #україна��🇦 #зсу #зсу��🇦 #беларусь #білорусьукраїна #білорусь #білорусь⚪🔴⚪ #паляниця #UAразом #ukrainians #зеленский #ukrainianswillresist #standforukraine #standwithbelarus #путин #лукашенко #СлаваУкраїні #СлаваЗСУ #Азовсталь #бчб #Пагоня #ЖывеБеларусь ♬ оригінальний звук — Aleh_belarus_z_Kieva
Лягчэй за ўсё заставацца незаўважанымі летам, калі шмат зеляніны і мінамёт можна схаваць сярод дрэваў. Ды і агулам, кажа Алег, ваяваць у гэты час прасцей, калі не лічыць спёкі, ад якой можна схавацца хіба ва ўкрыцці. У астатнія поры года складаней што з маскіроўкай, што з перасоўваннем: з’яўляецца шмат гразі на дарогах, што замінае і дастаўцы ўсяго неабходнага на пазіцыі, бо машыны могуць захраснуць.
— Калі няма «зялёнкі», мы выкарыстоўваем маскіровачныя сеткі і іншыя нашыя «хітрыкі», якія прыдумляем на месцы. Калі, напрыклад, побач ёсць нейкая закінутая пабудова, можна адтуль чагосьці нацягаць, — працягвае добраахвотнік. — А што да снегу, то ён нам асабліва не замінае, ды і з сённяшнімі зімамі доўга не ляжыць. Але калі растае, то становіцца трошкі больш гразі.
Перад выездам на новую пазіцыю байцы збіраюць рэчы, у тым ліку запасаюцца ежай: украінскімі і замежнымі сухімі пайкамі. Каб разнастаіць харчаванне, купляюць дадатковыя прадукты ў крамах: шакаладкі, кока-колу і гэтак далей.
— У гэтым плане мы не абмежаваныя ў рэсурсах, — адзначае Алег.
Вольны час на пазіцыі бавяць па-рознаму. Часта гэта звычайныя размовы «пра ўсё». Таксама байцы пастаянна сочаць за навінамі, таму абмеркаваць заўсёды ёсць што. Сярод тэмаў — і асабістае жыццё. А яшчэ на фронце, адзначае беларус, шмат гумару, асабліва чорнага, бо так лягчэй трываць цяжкасці вайны.
— Мы ў гэтым плане ніяк не адрозніваемся ад звычайных людзей, якія ў сваім цывільным жыцці пра нешта размаўляюць з сябрамі. Калі побач тыя, з кім табе добра, за тэмамі нават не сочыш, — запэўнівае каліновец і смяецца: — Жартуем мы пра ўсё. Нават пра смерць. Забароненых тэмаў у нас няма. Можна сказаць, што на вайне становішся такім… больш цынікам. Колькасць чорнага гумару павялічваецца. Але так не заўжды.
«Я раблю кантэнт для ўкраінцаў, каб яны ведалі, за каго ў гэтай вайне беларусы»

Вяртаючыся з пазіцый, байцы стараюцца не збірацца ў адным месцы, таму свабодныя дні бавяць у арандаваных кватэрах недалёка ад месца пастаяннай дыслакацыі. Бывае і так, што тыдзень знаходзяцца на пазіцыі, а потым тыдзень у такім адпачынку.
— У прынцыпе, калі ты асабліва не патрэбны, то можна дамовіцца з камандзірам, каб паехаць на пару дзён у той самы Кіеў, — дзеліцца Алег.
Аднак у сапраўды працяглы адпачынак каліноўца ўпершыню адпусцілі толькі ў красавіку — на два тыдні. Большую яго частку малады чалавек прабавіў у Кіеве, таксама праехаўся па гарадах захаду Украіны.
— Пабыў у Луцку, Івана-Франкоўску. Там мне экскурсію правяла ўкраінская блогерка Хрысціна, якая расказвае пра падзеі ў Беларусі і, можна сказаць, выступае медыйнай адвакаткай беларусаў ва Украіне. Заязджаў у Львоў, там сустрэўся з нашымі беларусамі, з некаторымі афлайн убачыўся ўпершыню. На сустрэчы мой сябар перадаў мне 7000 грыўняў (каля 560 беларускіх рублёў. — Заўв. рэд.) ад украінца — «на сувязь». За гэтыя грошы і за сродкі якія пералічваюць іншыя людзі, мы купляем «старлінкі», зарадныя станцыі, радыёстанцыі.
Каліновец гаворыць, што тылавыя гарады адрозніваюцца ад таго, што ён бачыць на пазіцыях: зруйнаваныя населеныя пункты, выпаленыя мясцовасці. Калі не лічыць прылётаў «шахедаў» і ракет, то можна сказаць, што «ў тыле» амаль няма вайны.
— Мяне не бянтэжыць такі кантраст. Больш за тое, менавіта віраванне мірнага жыцця, а таксама размовы людзей пра звычайныя жыццёвыя праблемы сведчаць, што вайскоўцы робяць сваю працу добра. Усё ж вайна вайной, а жыць неяк трэба, — падкрэслівае мінамётчык. — Асабіста я б не хацеў праязджаць у тылавы горад і бачыць, што людзі там ходзяць пахмурныя. Я б не хацеў, каб на мірнае жыццё ўплывала вайна. Таму гэта нармальна, што ў гарадах віруе мірнае жыццё, і калі я туды прыязджаю, я магу адпачыць душой.
Кантэнт, які публікуе ў сваіх сацсетках каліновец, ён таксама называе вайной — інфармацыйнай. Баец адзначае, што гэта трэба рабіць, каб распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ва Украіне і Беларусі. Ён падкрэслівае, што ўкраінцы, якія цікавіліся падзеямі ў нашай краіне да 2020 года і пазней, добра разумеюць, хто такія беларусы насамрэч.
— Ёсць і такія, хто да 2022 года любіў Лукашэнку, а цяпер у іх чамусьці вінаватыя беларусы. На вялікі жаль, рэйтынг Лукашэнкі ва Украіне заўсёды быў высокім. На гэта шмат фактараў уплывала. Лукашэнка ствараў такую карцінку, што ў яго краіне ўсё добра, усе задаволеныя, высокія зарплаты, роўныя дарогі, людзі, заводы працуюць, птушкі спяваюць, расліны растуць. Але 2022 год нарэшце паказаў украінцам, хто ён такі (у 2018-м у суседняй краіне добра да палітыка ставілася 68% жыхароў, праз год — 67%. Пасля рэйтынг падаў: у 2020-м — 45%, у верасні 2021-га — 34%. У красавіку 2022-га 96% украінцаў успрымалі яго негатыўна. — Заўв. рэд.).
Каліновец разважае, што жыхары Украіны доўгі час не раздзялялі беларускі народ і беларускую ўладу, таму калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, лічылі, што людзі ў краіне падтрымліваюць пазіцыю Лукашэнкі. Алег расказвае, што былі і іншыя моманты.
— У той час была разгорнутая кампанія ў інтэрнэце, у межах якой рашысцкія боты распальвалі варажнечу паміж беларусамі і ўкраінцамі. Але з кожным днём уся гэтая істэрыя спадала, — тлумачыць каліновец. — Гэта дзякуючы і беларускім добраахвотнікам, і таму, што стала больш інфармацыі пра Беларусь, пра палітвязняў, якія там сядзяць за падтрымку Украіны. Дзякуючы такім рэсурсам, як «Беларускі Гаюн» і, вядома, усім беларусам, якія дапамагалі Украіне. Цяпер стаўленне вяртаецца ў нармальнае рэчышча, і вялікая колькасць людзей тут ужо не ўспрымае беларусаў як ворагаў.
«Пуцін пойдзе далей — пойдзе ў Польшчу, на краіны Балтыі»

Гаворачы пра падзеі, якія цяпер разгортваюцца на фронце, каліновец не бачыць нічога страшнага ў павольным прасоўванні расіян на некаторых участках. Ён называе гэта нармальнай з’явай на вайне.
— Тое ж прасоўванне ў Харкаўскай вобласці — гэта аперацыя лакальнага характару, — тлумачыць Алег. — Я б не сказаў, што яна нясе нейкую пагрозу ўвогуле для Украіны і нават для Харкава пакуль. Максімальнае, што могуць зрабіць расіяне — гэта абстрэльваць горад ракетамі, што яны актыўна і робяць. Харкаў — горад-мільённік, а яны тымі сіламі, што задзейнічаныя ў рашыстаў, не бяруцца.
Паводле каліноўца, наступы Расіі не вядуць да глыбінных прарываў на сотні кіламетраў уздоўж ці ўглыб фронту, не ствараюць крытычных сітуацый для акружэння ўкраінскіх частак на фронце. Аднак добраахвотнік адзначае, што такія расійскія спробы наступаць будуць цягнуцца ўвесь гэты год. І тое, як хутка вораг выдыхнецца, залежыць не толькі ад УСУ, але і ад вайсковай дапамогі ад заходніх партнёраў, а таксама ад жорсткасці санкцый супраць Расіі.
— Трэба зразумець, што гэта вайна не Расіі і Украіны, — працягвае ён. — Гэта вайна, якую павінныя закончыць мы ўсе. Перамогай Украіны. Бо на Украіне Пуцін не спыніцца. Пуцін пойдзе далей — пойдзе ў Польшчу, пойдзе на краіны Балтыі. Таму цяпер павінная змагацца не толькі Украіна — мы ўсе павінныя прыкласці намаганні: і ўкраінцы, і беларусы, і краіны Еўрасаюза. І асабліва патрэбная дапамога ад Злучаных Штатаў Амерыкі. Вайна не выйграецца захопам тэрыторый — вайна выйграецца таксама на эканамічным фронце, калі ёсць сродкі для працягу баявых дзеянняў. То-бок гэта яшчэ і фінансава-палітычнае пытанне.
Перапынкі ў пастаўках заходняй дапамогі вельмі дорага каштуюць Украіне, запэўнівае беларус. Паводле яго, такое прамаруджванне моцна ўплывае на сітуацыю на фронце, а расплачвацца за яго даводзіцца крывёю і жыццём пабрацімаў.
— Страты, вядома, ёсць, але мы далей змагаемся, мы далей матываваныя і будзем працягваць, — гаворыць каліновец.
«Мірнае жыццё будзе рана ці позна, але наколькі хутка — залежыць ад нас усіх»
Цяпер Альгерд ужо на пазіцыях. Ён кажа, што пасля двухтыднёвага адпачынку думкі ў яго баявыя. Ён і далей працуе на мінамёце і плануе ў сваіх сацсетках расказваць пра падзеі. Стомленасці ад вайны суразмоўца не адчувае.
— У маім жыцці кожны дзень нешта мяняецца, — запэўнівае каліновец. — Таму пастаянна з’яўляецца нешта новае, што натхняе, што дапамагае працягваць. І я ведаю, для чаго вяду гэтае змаганне. Таксама падтрымліваюць людзі, якія мяне любяць і якіх я люблю. Тут добра, што дзякуючы «старлінкам» на пазіцыях добры інтэрнэт — гэта вялікая штука, бо дапамагае і не адчуваць сябе у адзіноце, і знішчаць дыктатуры (смяецца).
Але, на жаль, перавагі сучасных тэхналогій выкарыстоўвае і вораг. Добраахвотнік адзначае добрую працу Расіі на полі інфармацыйнай вайны і прыводзіць у прыклад мемы пра ўхілянтаў, калі маладыя ўкраінцы ўцякаюць ад мабілізацыі і ганарацца гэтым.
— Засмучае, што такое адбываецца. Гэта сведчыць толькі пра тое, што Украіна, на вялікі жаль, трошкі прайграла інфармацыйную вайну. А Расія вядзе вельмі вялікую кампанію на зрыў мабілізацыі ва Украіне. І робіць гэта ўдала, — дадае суразмоўца. — Інфармацыя — гэта вельмі моцная зброя, якою можна рабіць і добрыя рэчы, і вельмі паганыя. У інтэрнэце шмат неўкраінскіх акаўнтаў, створаных эфэсбэшнікамі, якія прасоўваюць тэму здрадніцтва, «ухілянцтва» (ухілення ад службы. — Заўв. рэд.).
Разам з тым беларус адначае, што мабілізацыя ідзе, і на фронце цяпер шмат маладых людзей ад 25 гадоў. Ёсць, вядома, і байцы ва ўзросце, якія пайшлі ваяваць добраахвотна ў самым пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Алег падкрэслівае: нягледзячы ні на што, Украіна абавязкова пераможа.
— Мірнае жыццё будзе рана ці позна, — кажа ён. — Але наколькі хутка яно прыйдзе, залежыць ад нас усіх. Не толькі ад ваяроў на фронце, але і ад тых, хто нас падтрымлівае.
Читайте также


