Сакавік вылучаецца зменлівасцю многіх сваіх працэсаў. Так, халады часцяком змяняюцца цёплымі адкатамі. І сёлета, нягледзячы на адносна прахалоднае надвор’е, апошні тыдзень сакавіка можа «даць жару». Гэты сцэнар імаверны з прычыны вынасу з тэрыторыі Паўднёвай Еўропы цёплага міжземнаморскага паветра. Таму і надвор’е стане цёплым і вільготным. Нягледзячы на дажджы і воблачнасць, сярэднесутачная тэмпература чакаецца ўстойліва станоўчай. Калі і чакаць пахаладання, яно будзе кароткачасовым. Пра гэта ў эфіры праграмы «Метэагід» на АНТ расказаў сіноптык Дзмітрый Рабаў.
У пачатку тыдня кіраванне надвор’ем пяройдзе да атмасферных франтоў з Балтыйскага мора. Яны прынясуць з сабой шчыльныя аблокі, у большасць раёнаў — кароткачасовыя дажджы, ноччу і раніцай магчымы мокры снег. У ранішнія гадзіны месцамі туман. Вільготнасць да 90%. Вецер заходні, паўночна-заходні, умераны. Уначы ад -3 да +3°C. Удзень у панядзелак ад +7 да +10°C, у аўторак да +11°C.
Але ўжо ў сярэдзіне апошняга тыдня сакавіка, адзначае сіноптык Дзмітрый Рабаў, сітуацыя ў атмасферы прыкметна зменіцца, бо за надвор’е ў Беларусі пачне адказваць вобласць высокага атмасфернага ціску. Праз гэта ў аблоках з’явяцца прасвятленні — імавернасць ападкаў рэзка знізіцца да нуля. Раніцай месцамі варта чакаць слабага туману, вільготнасць прагназуецца да 70%. Што да ветру, ён будзе слабым, паўднёвых напрамкаў. Тэмпература паветра ўначы паводле прагнозу — ад -2°C да +3°C. У сераду ўдзень — да +12°C, а ў чацвер — да +15°C.
Папярэдне, у пятніцу з раніцы і цягам дня ўмовы надвор’я пачнуць вызначаць чарговыя атмасферныя франты з паўночнага захаду Еўропы. У выніку будзе пераважаць воблачнае з праясненнямі і невялікімі ападкамі надвор’е. У ранішнія гадзіны слабы туман, бачнасць да кіламетра. Вільготнасць да 90%. Вецер пераменных напрамкаў, умераны. Уначы ад -2 да +2°C. Удзень да +14°C.
Сіноптыкі чакаюць, што апошнія сакавіцкія выходныя будуць воблачнымі, з праясненнямі. Месцамі магчымыя непрацяглыя дажджы. Туман з бачнасцю да 500 метраў — таксама месцамі, ноччу і раніцай. Вільготнасць да 90%. Вецер умераны паўднёвы, заключыў Дзмітрый Рабаў. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны чакаецца ад +3 да +8°C, у суботу ў сярэдзіне дня да +15°C, у нядзелю да +17°C — амаль як летам!