Беларуска Анастасія Горбань выратавала ў Нью-Ёрку жыццё дзяўчыне, якая спрабавала скінуцца з моста паміж раёнамі Бруклін і Квінс. Пра гэта паведаміла беларуская дыяспара ЗША.
Інцыдэнт адбыўся раніцай 20 жніўня. Падчас прабежкі Анастасія заўважыла на мосце дзяўчыну, якая хацела звесці рахункі з жыццём: тая сядзела на краі і трымалася за поручні. Нашая зямлячка завяла з незнаёмкай размову, але тая ніяк не рэагавала на яе ўгаворы. У нейкі момант дзяўчына адпусціла рукі ад поручняў. На шчасце, Анастасія паспела злавіць яе за нагу і ўтрымлівала над вадой, пакуль на месца не прыехалі паліцэйскія.
За «незвычайную смеласць, спагаду, чалавечнасць, імгненную ацэнку сітуацыі і прыняцце мер для выратавання жыцця чалавека» беларуска атрымала падзяку ад 108-га паліцэйскага ўчастка Нью-Ёрка.