За апошнія некалькі гадоў дзясяткі тысяч беларусак вымушана пакінулі радзіму. Многім з іх давялося нараджаць дзяцей за мяжой. Як уладкаваная сістэма вядзення цяжарнасці, як праходзяць роды і ці моцна сітуацыя адрозніваецца ад Беларусі? Пра гэта мы пагаварылі з трыма беларускімі мамамі, якія цяпер знаходзяцца ў Польшчы, Латвіі і Літве.
«У параўнанні з мінулай цяжарнасцю я зрабіла крок на 50 гадоў у будучыню»
У Латвію 35-гадовая Вікторыя (імя змененае) прыехала ў жніўні 2021 года і адразу ж папрасіла палітычнага прытулку. Ужо тады яна была на пятым месяцы цяжарнасці. У той жа дзень падчас афармлення дакументаў яе спыталі пра самаадчуванне, а таксама пра тое, ці патрэбная медыцынская дапамога. Беларуска прызналася, што чакае трэцяе дзіця.
Увесь час цяжарнасці Вікторыя жыла ў лагеры для бежанцаў. Спачатку да яе прыходзіў сямейны доктар. Потым вядзеннем цяжарнасці займаліся ў паліклініцы, раз на месяц жанчыну аглядаў гінеколаг.
— Усё бясплатна: аналізы, агляды, УГД. У мяне не было ніякіх ускладненняў, таму нічога дадаткова не спатрэбілася. Прызначылі шмат розных вітамінаў і ўсе прывозілі бясплатна проста ў лагер, — расказвае суразмоўніца. — Я камунікавала толькі з адной доктаркай, у усё было выдатна. Але на апошнім аглядзе закранулі пытанні дакументальнага афармлення дзіцяці, бальнічнага — і вылезлі на палітыку. Я паспрабавала ёй растлумачыць, што не магу дзіця легалізаваць у Беларусі, У мяне няма магчымасці там атрымаць дапамогу на дачку. І пачула ў адказ: «Ды не можа быць, Аляксандр Рыгоравіч — такі класны мужык, што вы глупства гаворыце! У мяне сваякі жывуць у Беларусі, там усё значна лепш, чым у Латвіі!» Слухаю і думаю: чаго я ўсё гэта пачала, лепш бы маўчала пра гэтыя даведкі. Але наогул да сябе асаблівага негатыву я не заўважыла.
Вікторыя ўжо двойчы нараджала дзяцей у Беларусі, таму свой латвійскі досвед можа параўнаць з беларускім. Праўда, падкрэслівае, што родам яна з раённага горада, таму параўнанне вельмі суб’ектыўнае.
— Ведаеце, тут адчуванне, што я зрабіла крок на 50 гадоў у будучыню. Быццам з 80-х, з бразготкімі інструментамі ў алюмініевых талерках, перанеслася ў сучаснасць, у цывілізацыю і з сучасным абсталяваннем, — апісвае яна. — Але вось стаўленне залежыць ад канкрэтных людзей. Па-мойму, яно нармальнае і тут, і там. Адзінае што ў нас не хапала спецыялістаў, а мне заўсёды «шанцавала»: трапляла на дзяўчынку па размеркаванні, якая працуе першы месяц і кожнае слова пераправярае па сваіх канспектах.
Калі прыйшоў час нараджаць, Вікторыя ўжо атрымала від на жыхарства, таму медыцынскія паслугі для яе былі бясплатнымі. Выбіраць радзільню ў Латвіі можна, але ў Рызе яна адна. Платныя роды для замежнікаў без ускладненняў абыдуцца там у 835 еўра, кесарава — у 1200 еўра. У гэтую суму ўжо ўваходзяць два дні знаходжання ў радзільні, за кожны наступны дзень — даплата 100 еўра. Усе дадатковыя медыцынскія працэдуры аплачваюцца асобна.
— Мы з мужам прыехалі туды ў прызначаны дзень самі. Можна выклікаць хуткую, а можна прыехаць самастойна, як зручней. Аформіліся, мяне адвялі ў палату. У той жа дзень я нарадзіла, а праз дзень мяне выпісалі. Усё вельмі хутка, — апісвае сітуацыю суразмоўніца. — А вось у Беларусі мяне любілі па тры тыдні патрымаць у бальніцы да родаў і яшчэ тыдзень-два — пасля. Наогул, як я зразумела, у Латвіі прынята так: тата з мамай прыязджаюць з чамаданам рэчаў у радзільню, ён жыве разам з ёй дзень да родаў у сямейным пакоі, потым прысутнічае на родах. Далей, калі пара можа сабе дазволіць, мужчына застаецца ў сямейнай палаце.
Сямейныя палаты і партнёрскія роды ў Латвіі распаўсюджаныя, але ў рыжскім радзільным доме за гэта трэба даплачваць асобна. Вікторыя нараджала адна: муж прывёз яе ў бальніцу, а потым паехаў назад да старэйшых дзяцей. Суразмоўніца ляжала ў стандартнай палаце і была ўражаная ўмовамі.
— Калі б я жыла ў Мінску, сказала б па-іншаму, але паколькі я з ускраіны, розніца велізарная. І сама радзільня, і афармленне радзільнай залы. Гэта асобны пакой з душам, з туалетам, з крэслам для родаў і столікам для нованароджанага. Малы нарадзіўся, яго на стол паклалі, над ім уключылі ультрафіялетавую лямпу, на месцы яго аглядаюць, — кажа Вікторыя. — Я ў гэтай палаце ўсё здымала на відэа і адпраўляла маме: «Глядзі, куды я трапіла. Вось так людзі жывуць». Ледзь не плакала. Гэта стала для мяне шокам, у добрым сэнсе. Стаўленне добрае, ніякіх пытанняў не было — усе са мной на рускай размаўлялі, а паміж сабой — на латышскай. Так, у нейкі момант акушэрка пачала са мной размаўляць рэзка і гучна, але гэта трэба, каб я не адключалася. Таму што ад болю свядомасць трошкі блытаецца.
Беларуска нараджала самастойна, але для стымуляцыі родаў ёй зрабілі ўкол гармонаў. Ужо пасля Вікторыю перавялі ў палату на некалькі чалавек (бясплатны варыянт). Там ляжалі тры мамы разам з дзецьмі.
Жанчына кажа, што харчаванне звычайнае. Дзіцяці адразу ж зрабілі прышчэпку, на наступны дзень суразмоўніцы зрабілі УГД. Усё было ў парадку — і маму з малым адправілі дадому.
— Яшчэ важны момант: у Беларусі дзіця выносяць. Я абодвух нарадзіла ўвечары, і абодвух мне прыносілі толькі раніцай, — расказвае суразмоўніца. — А трэцюю дачку тут ніхто нават не забіраў. Яна нарадзілася, яе агледзелі, далі мне на рукі — і мы не расставаліся. Я была вельмі радая гэтаму. Таму што калі толькі што народжанага малога адразу кудысьці зацягваюць — гэта вялікі стрэс. А тут яно з нараджэння са мной: гэта і для дзіцяці эмацыйна важна, і для мяне. Боязі не было — гэта трэція роды, мяне вельмі складана чымсьці напалохаць. Мне ўжо не трэба нічога тлумачыць, я ведала, як сябе паводзіць. Пра стан дзіцяці расказвалі, але мне можна было адказаць каротка, і я ўжо разумела, што гэта значыць. Магла спытаць, які паказчык па такой і такой велічыні — мне называюць лічбу, і я ўсё разумею. Мне ўсё вельмі спадабалася.
«Не пачула ні слова, якое вывела б з раўнавагі нервовую сістэму парадзіхі»
У Польшчу Вольга пераехала разам з мужам яшчэ ў 2021 годзе, там жа і зацяжарала. Для суразмоўніцы у 36 гадоў гэта было першае дзіця. Яна адразу ўдакладняе: калі на постсавецкай прасторы стаўленне да тых, хто ўпершыню нараджае ў гэтым узросце, не найлепшае, то ў Польшчы яна не заўважыла ніякага негатыву.
— Калі я зацяжарала, то пачала выбіраць радзільню, пры якой хацела б весці цяжарнасць. На той момант у нас з мужам ужо быў часовы ВНЖ і дзяржаўная медыцынская страхоўка. Яна аформленая на мужа, але распаўсюджваецца на ўсю сям’ю. Калі б у мяне яе не было, у радзільні б прынялі, ніхто б не пакінуў нараджаць на вуліцы, але потым хутчэй за ўсё б выставілі рахунак, — расказвае суразмоўніца.
Калі няма страхоўкі, то нараджаць у Польшчы давядзецца платна. Сума залежыць ад рэгіёна краіны. Цэны стартуюць ад 2000 злотых (прыкладна 430 еўра) да 10 000 злотых (крыху больш за 2000 еўра). Да таго ж могуць быць дадатковыя выдаткі на нестандартныя паслугі і працэдуры.
Цяжарнасць у Польшчы вядуць у жаночай кансультацыі. Такая ёсць у радзільні недалёка ад дома суразмоўніцы. На ёй Вольга і спыніла свой выбар. Там жа яны з мужам праходзілі спецыяльную школу для будучых бацькоў.
— Паколькі гэта мае першыя роды, мне няма з чым параўноўваць. Маё ўяўленне пра тое, як усё гэта адбываецца ў Беларусі, заснаванае на досведзе сябровак і чатах цяжарных, — расказвае Вольга. — Начытаўшыся гэтых гісторый, я была ўпэўненая, што ў Беларусі па-ранейшаму аддаюць перавагу платным родам, таму што толькі так можна разлічваць на добрае стаўленне да сябе. Па-ранейшаму шмат чуеш гісторый пра хамства, непаважлівае стаўленне і гэтак далей. Таму нараджаць без дамовы ў Беларусі я б не наважылася. Тут нават не прадугледжвалася такой опцыі, маўляў, давайце вы заплаціце нам грошы, а мы будзем пра вас лепш клапаціцца. Усё, што з паслуг прапаноўвала радзільня — індывідуальная пасляродавая палата.
Цяжарнасць у Польшчы вядзе не доктар-гінеколаг, там гэта вельмі дарагі спецыяліст, а «паложная» (аналаг нашай акушэркі). Гінеколаг падключаецца зрэдку. Да прыкладу, Вольгу ён аглядаў усяго некалькі разоў: у пачатку і ў канцы цяжарнасці.
— Я ведаю, што ў Беларусі жанчынам прызначаюць шмат вітамінаў для перастрахоўкі. Здаецца, часам нават зашмат, — удакладняе суразмоўніца. — Тут жа ніякіх медыцынскіх умяшанняў, акрамя рэкамендаваных СААЗ, не было (але, можа, гэта ў мяне цяжарнасць праходзіла гладка). І калі ўсё ў парадку, прызначаюць стандартны набор: вітамін D3, фоліевая кіслата, ёд. Іх я піла ўсю цяжарнасць.
На прыём хадзіла прыкладна раз на месяц. У мяне нават быў дыскамфорт спачатку, таму што я рыхтавалася кожны тыдзень бегаць на агляды, грунтуючыся на досведзе сваіх сябровак у Беларусі. Яшчэ такі прыемны аспект — ні разу за час вядзення цяжарнасці і саміх родаў я не пачула ніводнага намёку на мой узрост і пытання, а чаму я наогул нараджаю. Хоць я выдатна разумела, што ў Беларусі «старородящая» стала б маім словам года.
Цяжарнасць у суразмоўніцы працякала без ускладненняў, а вось роды своечасова не наступалі. На 42 тыдні доктар вырашыў не чакаць далей і сказаў ісці на наступны дзень у радзільню, «здавацца».
— Я проста ўзяла сумку прыйшла: «Добры дзень, вось я, вось мае дакументы», — расказвае беларуска. — Аддзяленне, куды ты прыходзіш не са схваткамі, а для стымуляцыі родаў, у Польшчы называецца «аддзяленне паталогіі». Запоўніла анкету, мяне агледзелі, сказалі, што тэрмін вялікі, таму «цяжарнай вы ад нас ужо не выйдзеце». І праводзілі ў палату. Медыкі там былі тыя ж самыя, што вялі маю цяжарнасць: я бачыла знаёмыя твары. Увечары мяне агледзеў доктар і прапанаваў з раніцы рабіць планавае кесарава сячэнне. Хоць рашэнне заставалася за мной: стымуляваць роды і нараджаць самой ці рабіць аперацыю. Ніхто не ціснуў. Узважыўшы ўсе за і супраць, я пагадзілася на кесарава.
Вольга дадае, што ў Польшчы роды па змоўчанні партнёрскія, пра гэта не трэба асобна дамаўляцца. На момант заканчэння яе цяжарнасці каранцін з нагоды каранавіруса скончыўся, і муж змог прысутнічаць на кесаравым. Яшчэ адзін прыемны момант: калі дзіця здаровае, яго адразу даюць маці, і малы застаецца з ёй. Суразмоўніца вельмі перажывала, ці будзе так у яе радзільні. А потым аказалася, што такая практыка ёсць ва ўсіх бальніцах Польшчы.
— Аперацыя прайшла вельмі хутка: з моманту анестэзіі і да пасляаперацыйнай палаты — хвілін 20. Пакласці дзіця адразу мне на грудзі было фізічна немагчыма, і таму яго далі тату, пакуль мяне зашывалі. А вось у пасляаперацыйную палату мне адразу ж прынеслі малога, і тры гадзіны мы з ім былі разам пад наглядам медсястры, — расказвае Вольга.
Затым беларуску перавялі ў палату. І ўжо там дзіця ўвесь час знаходзілася з ёй. Вольга хваліць умовы ў польскай радзільні:
— Умовы там былі выдатныя. Напрыклад, зручныя рэгуляваныя ложкі, на якіх ты можаш рэгуляваць вышыню пад’ёму. Аказалася, што пасля аперацыі гэта вельмі важна, таму што калі ўсё баліць, значна прасцей уставаць, калі можаш падняць частку ложка.
Не ўяўляю, як у Беларусі да гэтага часу ёсць радзільні, у якіх санвузел адзін на паверх. Тут стандартная палата на дзве асобы з асобным душам і санвузлом. І гэта выдатна, таму што адразу пасля аперацыі прайсці пяць крокаў да туалета ўжо было праблемай. Адзіная платная опцыя, якую прапаноўвала мая радзільня — гэта індывідуальная палата. Яна выглядае як гатэльны нумар, і туды бацька можа прыйсці начаваць.
Да гэтага беларуска ніколі не ляжала ў бальніцах. Кажа, першы досвед быў выключна пазітыўным. Расказвае, што ў галаве ўвесь час круціліся думкі: «Божа мой, аказваецца вось так бывае, неабавязкова ўсё будзе так, як я чытала».
— Вядома, можа, так не ва ўсёй Польшчы, але ў маёй радзільні я адчувала высокі прафесіяналізм: кожны на сваім месцы, ведае, што рабіць. Пачынаючы ад хірурга, які робіць цябе аперацыю, заканчваючы людзьмі, якія разносяць ежу са сталоўкі, — кажа яна. — І таго, чаго я баялася, грубасці і хамства, як у нашых паліклініках, тут не было. Цябе паважаюць як чалавека, пацыентку гэтай радзільні. Я не пачула ніводнага слова, якое б вывела з раўнавагі нервовую сістэму парадзіхі. Вядома, не магу сказаць, што ўсе ўсміхаліся і сюсюкаліся, проста добра выконвалі сваю працу, заўсёды дапамагалі, калі трэба.
Кожны дзень знаходжання ў радзільні каштуе грошай для страхавой, таму калі жанчына і малы здаровыя, у бальніцы ніхто іх доўга не трымае. Пасля кесарава сячэння Вольга правяла там усяго двое сутак. Увесь гэты час двойчы на дзень прыходзілі гінеколаг і педыятр, а таксама пастаянна дзяжурылі медсёстры.
— Праз чатыры гадзіны пасля аперацыі я ўжо мусіла падымацца. Мяне перавезлі ў звычайную палату і сказалі: «А цяпер уставай, праз боль, праз слёзы, але трэба рухацца». Таму што нельга, каб шво заставалася без руху, — успамінае суразмоўніца. — Вельмі балюча было банальна сесці на ўнітаз. Але калі табе занадта складана, медсёстры прыйдуць і дапамогуць — у санвузле таксама ёсць кнопкі выкліку супрацоўніц. Яшчэ адзін важны момант — колькі б я да родаў ні чытала пра грудное кармленне, на практыцы ўсё аказалася не так проста. Ты не разумееш, ці правільна корміш дзіця, ці ёсць малако. І вось гэтыя медсёстры вельмі дапамаглі, прыйшлі да мяне, паказалі, як трымаць дзіця. Усё гэта доўжылася хвілін 20, але за гэты час я ва ўсім разабралася. Праз некалькі тыдняў я задумалася: божа мой, што б я рабіла, калі б мне ўсё гэта не расказалі ў радзільні? Напэўна, наогул адмовілася б ад груднога кармлення і перайшла на сумесь.
Пасля другой ночы доктар агледзеў і Вольгу, і дзіця і, паколькі ўсё было ў парадку, адпусціў іх дадому. Урачыстай выпіскі не арганізоўвалі (у Польшчы так не прынята): проста забралі дакументы, вопратку з гардэроба, узялі дзіця і пайшлі дадому.
— Па змоўчанні я была настроеная на нейкі негатыў з боку дактароў — занадта шмат такіх гісторый чула з Беларусі. Але тут усё аказалася так, як мусіць быць: ёсць доктар, ёсць пацыент, паміж імі здаровая камунікацыя, без лішніх эмоцый, усё па справе. Вопыт прыемны, не траўмуе. Калі б мяне спыталі, я б сказала, што ў Польшчы класна нараджаць, — заключае беларуска.
«Узровень прафесіяналізму дактароў найвышэйшы»

У Літву 30-гадовая Кацярына пераехала ў 2019 годзе, адпрацавала год, а летам 2021 зацяжарала двойняй. Гэта была яе першая цяжарнасць. На той час у беларускі ўжо быў літоўскі від на жыхарства, таксама яна плаціла ўнёскі ў фонд страхавання Sodra. Таму медыцынскае абслугоўванне для яе было бясплатным.
Кацярына расказвае, што ў Літве цяжарнасць вядзе сямейны доктар альбо акушэр (залежыць ад таго, ці ёсць профільны спецыяліст у клініцы). У абодвух выпадках вядзенне цяжарнасці заключаецца ў прызначэнні аналізаў і профільных спецыялістаў. Цяжарнасць Кацярыны вёў яе сямейны доктар.
— У Літве цяжарнасць праходзіць вельмі цікава: два-тры УГД за ўвесь час і ніякіх аглядаў на крэсле, калі няма скаргаў. Таму мне было складана выбіць сабе УГД, а для мяне гэта важна — я вельмі баялася цяжарнасці, — расказвае Кацярына. — Наогул тут мамам трэба браць усё ў свае рукі. У Беларусі значна больш увагі і аналізаў, а ў Літве іх мала. Але мяне глядзелі кожныя два тыдні, рабілі УГД, таму што мая разнавіднасць двайнят аказалася другой па складанасці.
— З дактарамі размаўляла на ламанай руска-літоўскай. Але тут дактары вельмі рэдка самі нешта расказваюць, з іх усё трэба выцягваць. Больш за тое, іх парады мелі рэкамендацыйны характар: «Вам нядрэнна было б прапіць жалеза», — працягвае суразмоўніца. — Я дакладна ведаю, што ў Беларусі мне б сказалі, што гэта абавязкова. Наогул я не піла ніводнай вітамінкі, толькі жалеза, калі быў моцны дэфіцыт. Павышанага клопату і ўвагі я не заўважыла.
Неабходнасці загадзя дамаўляцца з радзільняй у Літве няма, заключаць кантракты таксама не трэба. У дзень родаў жанчына проста прыязджае ў тую бальніцу, у якой хацела б нараджаць. У Вільні ёсць тры дзяржаўныя радзільні: Santaros (яе яшчэ называюць «Сантарышкі»), Vilniaus gimdymo namai (Віленскі радзільны дом) і Vilniaus miesto klinikinė ligoninė (Віленская гарадская клінічная бальніца ў раёне Антакальніс). Бальніца Santaros спецыялізуецца на экстраннай дапамозе нованароджаным, у астатнім розніцы паміж радзільнямі няма. Але рускамоўныя ў Літве часцей за ўсё выбіраюць апошнюю (як сцвярджае Кацярына, «там лепшы калектыў»).
Калі ў парадзіхі няма дзяржаўнай медстрахоўкі, кошт родаў вар’юецца ад 800 да 2500 еўра, у залежнасці ад складанасці. Самыя танныя — натуральныя роды без ускладненняў. Чым больш неабходных маніпуляцый зробяць падчас родаў, тым даражэй яны абыдуцца.
У Кацярыны выбару не было: праз складанае працяканне цяжарнасці давялося выбіраць клініку Santaros. У гэтай бальніцы, паводле суразмоўніцы, высакакласнае аддзяленне для неданошаных дзяцей (выходжваюць нованароджаных вагой ад 500 грамаў).
— У Беларусі я ніколі не думала пра партнёрскія роды, а тут мы з мужам разглядалі толькі такі варыянт. У Літве гэта вельмі распаўсюджаная гісторыя, такія роды лічацца нормай. Але ўсё сарвалася праз пандэмію, — успамінае беларуска. — Наогул калі жанчына хоча партнёрскія роды, то загадзя забраніраваць платную палату нельга, трэба выбіраць у дзень паступлення з таго, што ёсць. Калі я прыехала ў радзільню, гэта каштавала 20 еўра за суткі. У такой палаце — два ложкі для абаіх бацькоў і ложачак для малога.
За тыдзень да нараджэння дзяцей Кацярына прыйшла на УГД, і ёй сказалі, што трэба ў бальніцу на захаванне. Цяжарнасць была складанай, таму медыцынская камісія прызначыла дату, калі будзе кесарава сячэнне.
— Наогул, у радзільню жанчынам трэба ехаць самім, калі няма ніякіх экстранных выпадкаў, — тлумачыць Кацярына. — Раніцай у дзень аперацыі прыйшоў пазнаёміцца хірург, потым заходзіла анестэзіёлаг. Хірург выдатны, на родах прысутнічаў нават прафесар. У мяне былі праблемы з ціскам, і нейкі час я адчувала сябе не вельмі добра. Але ў дактароў усё было пад кантролем, са мной пастаянна размаўлялі. Шво ў мяне цудоўнае — вельмі тонкае, унізе жывата. Да дактароў у мяне ніякіх пытанняў, узровень іх прафесіяналізму найвышэйшы. Калі ў мяне з’яўляліся нейкія пытанні, да мяне нават прыходзілі загадчыкі пагаварыць. А вось што да чалавечага стаўлення сярэдняга медперсаналу, уражанне так сабе. Я ляжала ў палаце ў самым канцы калідора, і да мяне не прыходзілі, калі я націскала на чырвоную кнопку. Вельмі радая, што мы з дзецьмі жывыя і здаровыя, але эмацыйны стан быў не вельмі.
Двухмеснай палатай Кацярына засталася задаволеная: зручны ложак і душ з туалетам адзін на дзве палаты. А калі яе з дзецьмі перавялі ў аддзяленне для нованароджаных, пакой наогул быў толькі для іх. Праўда, там туалет з душам ужо былі на паверсе. Акрамя таго, на посце стаялі мікрахвалеўка і чайнік, якімі можна карыстацца ў любы час.

Паколькі дзеці беларускі нарадзіліся неданошанымі (ім было ўсяго 34 тыдні), яшчэ нейкі час іх жыццё залежала ад апаратаў. Падчас аперацыі малых маці таксама не паказалі, толькі ўвечары ў той дзень дазволілі дакрануцца.
— Дзяцей на рукі мне далі на чацвёртыя суткі. Мяне пасадзілі ў крэсла-качалку, акуратна паклалі іх на рукі. Але яшчэ тыдні два я не магла іх нармальна трымаць, таму што яны былі падлучаныя да правадоў, — успамінае Кацярына. — Што да праблемных дзяцей, у Беларусі імі цалкам займаецца персанал. Тут жа лічыцца, што эфектыўней, калі гэта робіць мама. Нават калі гэта вельмі цяжка. Напрыклад, на пяты дзень мае дзеці забылі, як дыхаць, і я сама іх рэанімавала. Мая сяброўка расказвала, што ў Беларусі яна месяц праплакала пад дзвярыма, таму што не магла ўбачыць дзяцей, а я малілася, каб паспаць хаця б 15 хвілін.
— Недзе праз месяц пасля родаў у бальніцу якраз пачалі прывозіць дзяцей з інфекцыяй, і доктарка сказала: «Вы ўсё роўна ўсё робіце самі, можа, хочаце дадому?» А я на той момант умела рабіць практычна ўсе працэдуры, таму пагадзілася. Потым да мяне прыехала мама, і з ёю ўсё стала нашмат прасцей. Зусім не пазітыўная гісторыя, але яна таксама мае месца, — рэзюмуе беларуска.