У Гомельскім абласным судзе працягваецца слуханне крымінальнай справы прафсаюзных актывістаў. «Радыё Свабода» расказвае новыя падрабязнасці.
У справе «Рабочага руху» праходзяць 10 чалавек. Усе яны былыя супрацоўнікі буйных прамысловых прадпрыемстваў. Іх абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» і «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».
Матэрыялы справы займаюць 38 тамоў, адзін з іх сакрэтны. Каля двух тыдняў на судзе праглядалі запісы zoom-канферэнцыяў. Іх запісваў «крот», які ўвайшоў у «Рабочы рух» як прадстаўнік «Гомсельмашу», паведаміла крыніца выдання.
«Адзін з фігурантаў справы прапанаваў пагражаць міліцыянтам, іншыя адмовіліся»
Цяпер у справе агучваюць і праглядаюць матэрыялы аператыўнага кантролю. «Бо „крот“ і не толькі ён здаў удзельнікаў „Руху“, і за імі было ўведзена аператыўнае назіранне», — паведаміла крыніца «Радыё Свабода».
Суразмоўца дадае, што «нічога крамольнага не было на тых zoom-канферэнцыях, апроч пустой балбатні».
«Былі моманты, калі адзін з фігурантаў справы прапанаваў пачаць пагражаць міліцыянтам, што з іх дзецьмі нешта здарыцца. Двое яго падтрымалі, астатнія былі супраць. Нехта прапаноўваў дыверсіі на чыгунцы. Але яго не падтрымалі. Прапаноўвалі вырубіць электрычнасць на „ГроднаАзот“, але іншыя ўдзельнікі канферэнцыі сказалі, што гэта нічога не дасць. На мой погляд, гэта былі чыста эмоцыі і балбатня», — кажа суразмоўца.
Цяпер у судзе перапынак праз хваробу аднаго з абвінавачаных. Пасля таго як усе матэрыялы справы агучаць, суд пяройдзе да допыту пацярпелых і абвінавачаных.
Што за «крот» і як ён трапіў у «Рабочы рух»?
У верасні 2021 году «Рабочы рух» паведаміў, што ў іхную каманду спрабаваў пранікнуць агент спецслужбаў. Гэта быў 23-гадовы жыхар Гомеля, які назваўся Аляксеем, супрацоўнікам прадпрыемства «Гомсельмаш». Ён назваў звесткі сапраўднага чалавека, які працаваў на прадпрыемстве. У «Рабочым руху» тады зазначылі, што яны наўмысна «ўпусцілі «крата», стварылі для стасункаў з ім асобны закрыты чат.
«Шпіён удзельнічаў у званках, але дакладных звестак пра дзейнасць „Рабочага руху“ ён не атрымліваў», — запэўнівала каманда «Рабочага руху». Насамрэч «крот» быў на zoom-канферэнцыях і запісваў іх, што стала вядома на судзе ў Гомелі.
У чэрвені 2022 году ўсплылі іншыя падрабязнасці пра «крата». Газета «Наша ніва» пагутарыла з прадстаўніком «Рабочага руху», які паведаміў, што «ў камандзе быў чалавек, які падтрымліваў стасункі з адміністратарамі сеткі чатаў «97%».
Паводле крыніцы выдання, «чалавек з „Гомсельмашу“ быў на канферэнцыях, ведаў у твар актывістаў „Рабочага руху“ і, як потым стала вядома, запісваў размовы».
Нагадаем, што абвінавачаныя ў справе «Рабочага руху» — Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька і Аляксандр Капшуль.
Усіх фігурантаў абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Капшуля дадаткова — у «незаконных дзеяннях у дачыненні агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295 КК). Шэлеста, Жураўку і Пагерылу дадаткова — у «паклёпе» (арт. 188 КК).
«Рабочы рух» узнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.