Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка падпісаў дырэктыву № 12 «Пра рэалізацыю асноваў ідэалогіі беларускай дзяржавы», паведаміла прэс-служба палітыка. Як там гаворыцца, дакумент скіраваны на павышэнне эфектыўнасці ідэалагічнай работы, актуалізацыю нарматыўнай прававой базы, якая рэгулюе ідэалагічную сферу.
Як паведамляе прэс-служба, дырэктывай прадугледжваецца:
- зацверджанне канцэптуальных асноваў ідэалогіі беларускай дзяржавы;
- прапаганда разумення дзяржаўнасці беларускага народа, якая падзяляецца ўсім грамадствам;
- уніфікацыя падыходаў па правядзенні ідэалагічнай работы з насельніцтвам і яе ацэнцы;
- абавязак рэалізоўваць ідэалогію беларускай дзяржавы ва ўсіх сферах і суб’ектах гаспадарання незалежна ад формы ўласнасці;
- забяспечанне ўцягнутасці ў прадзяржаўнае інфармацыйна-ідэалагічнае поле грамадзян, занятых у прыватным сектары нацыянальнай эканомікі.
Сярод асноўных задач ідэалагічнай працы ёсць, напрыклад «тлумачэнне і практычнае прымяненне ідэалогіі беларускай дзяржавы», а таксама «дасягненне разумення і шырокай падтрымкі насельніцтвам беларускай мадэлі грамадскага развіцця».
Зацверджаныя дырэктывай «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» занялі чатыры з лішнім старонкі. Там, напрыклад, сказана наступнае:
«Пачатак станаўленню нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці дала Кастрычніцкая рэвалюцыя. Яе вынік — абвяшчэнне 1 студзеня 1919 г. ССРБ (пасля — БССР), якая ў якасці раўнапраўнага суб’екта выступіла адной з заснавальніц СССР. Рэспубліка Беларусь з 1991 года з’яўляецца правапераемніцай БССР. Рэальны суверэнітэт і незалежнасць беларускай дзяржавы былі дасягнутыя ў перыяд пасля ўсталявання прэзідэнцкай формы кіравання».
«Гатоўнасць абараняць канстытуцыйны лад, суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь, фармаванне пазітыўнага вобразу сваёй краіны, умацаванне міжпакаленчых сувязяў, захаванне і папулярызацыя ўласных культурных традыцый і духоўных каштоўнасцяў — святы доўгі абавязак кожнага беларуса.
Рэалізацыя асноваў ідэалогіі беларускай дзяржавы будзе спрыяць захаванню дзяржаўнага суверэнітэту, забяспечанню нацыянальнай бяспекі, развіццю беларускага народа як унікальнай гістарычнай супольнасці, самарэалізацыі чалавека ў гармоніі з грамадскімі патрэбамі», — гаворыцца ў апошніх двух абзацах.
Нагадаем, гэта ўжо другая дырэктыва Лукашэнкі за апошні час. Папярэдняя была падпісаная тыдзень таму — яна датычыла «ўдасканалення функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацнення выканальніцкай дысцыпліны».
Дырэктывы Лукашэнкі — даволі рэдкія дакументы, у адрозненне, напрыклад, ад указаў. Усяго дзейных дырэктываў 11 (№ 5 страціла моц праз прыняцце № 9), першая была падпісаная ў 2004 годзе.