Расія выкарыстае ядзерную зброю, калі NATO «паставіць Пуціна да сценкі або загоніць у кут». Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю расійскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай.
Палітык лічыць, што NATO вядзе да трэцяй сусветнай вайны, але «яны яе баяцца жудасна».
«Я сустракаўся з людзьмі, якія не апошнюю ролю адыгрываюць у гэтым і прымаюць радыкальныя, кардынальныя і канчатковыя рашэнні ў выпадку „калі“. Яны больш за ўсё баяцца — і пра гэта шчыра ўсе кажуць — ядзернай катастрофы. Яны баяцца выкарыстання ядзернай зброі ва Украіне. Гэта натуральна. Мы таксама не хочам, таксама баімся. Таму што гэта можа прывесці, як спецыялісты кажуць, да сусветнай катастрофы, і шарык можа з арбіты сысці, калі гэта ўся зброя выбухне», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што прадстаўнікі краін NATO спрабавалі высветліць у яго, ці можа Уладзімір Пуцін «націснуць на кнопку».
«Націснуць ці не націснуць? Націснуць кнопку, ды і яшчэ як, але ў адным выпадку — калі вы будзеце здзяйсняць вельмі небяспечныя рухі — уварвяцеся на тэрыторыю Расіі і гэта будзе пагражаць існаванню Расіі. Калі вы Пуціна паставіце да сценкі або ў кут загоніце — вось тады чакайце», — адзначыў палітык.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што, пакуль ёсць магчымасць, неабходна дамаўляцца. Аднак Захад, паводле яго, не дазваляе Украіне ісці на перамовы.
«Хоць я ўпэўнены і маю такую інфармацыю, што ва Украіне сёння пераважная большасць людзей хоча спыніць вайну, у тым ліку вайскоўцаў, якія ваююць, гінуць там. Але ёсць распіяраная вярхушка на чале з Валодзем Зяленскім. Ён цяпер „герой“, шнырыць па ўсім свеце. Яго цалуюць, абдымаюць і гэтак далей. Я думаў, ён разумнейшы. У нас жа ёсць прыклад Гарбачова: цалавалі — і што атрымалі? Дакладна так будзе ў яго», — упэўнены Лукашэнка.
Палітык дадаў, што «цяпер трэба спыніць вайну, каб людзі не гінулі», а потым разбірацца, хто вінаваты.