34-гадовая ўкраінская тэнісістка Леся Цурэнка — 45-ы нумар рэйтынгу, якая выйграла цягам кар’еры чатыры тытулы WTA ў адзіночным разрадзе. На нядаўнім «Ралан Гарос» яна дабралася да 1/8 фіналу, дзе праз хваробу знялася падчас матча з першай ракеткай свету Ігай Свёнтэк. Але значна большы рэзананс выклікала адмова Цурэнка выйсці на гульню з Арынай Сабаленка ў сярэдзіне сакавіка — праз ментальны зрыў украінкі. Мы ўспомнілі з Лесяй той эпізод, а таксама пагаварылі пра вайну, страх, чалавечнасць і адказнасць спартоўцаў.
Італія, армія, сорам
— Дзе вы трэніруецеся і жывяце паміж турнірамі?
— Вы вырашылі пачаць з самага балючага… Пастаянна займалася тэнісам ва Украіне. За мяжой таксама часам трэніравалася, але Кіеў быў асноўнай лакацыяй. Пасля [пачатку] вайны быў момант, калі не разумела, куды ехаць. Спачатку думала пра Германію. Але ў выніку па парадзе Марты Касцюк (украінская тэнісістка, 35-я ракетка свету. — Заўв. рэд.) вырашылі спыніцца ў Італіі. Усё падышло. І я па-ранейшаму тут са сваёй камандай.
— Як вас змяніла вайна?
— Адбылася пераацэнка каштоўнасцяў. Пераварот у галаве. Раней, напрыклад, не лічыла, што нам патрэбная моцная армія. Не ўяўляла, наколькі неабходныя дамы з надзейнымі бамбасховішчамі, самая сучасная інфраструктура. А аказалася, што гэта найважнейшае!
Напэўна, у гэтым свеце няма нічога горшага за вайну. Наколькі нашыя народы былі раней блізкія… Першыя два тыдні жыла фантазіямі. Думала, што расійская армія развернецца, усвядоміўшы, што чыніць. Салдаты не будуць выконваць злачыннага загаду. Потым лічыла, што спартоўцы з Расіі і Беларусі, тыя ж тэнісісты, зладзяць калектыўны байкот, маўляў, мы не будзем гуляць, пакуль вы не прыбераце войскі з Украіны. Верыла, што так здарыцца. Але не, яны вырашылі адмаўчацца.
— Вы б зрабілі інакш?
— Калі б мая краіна напала на кагосьці, я згарэла б ад сораму! Не засталася б жыць у краіне-агрэсары, не маўчала б! І мне цяжка ўявіць, чаму іншыя змірыліся, хочуць адседзецца. Хоць, не буду хаваць, у некаторых расіян і раней у зносінах са мной праскоквала пагардлівае стаўленне. Яны глядзелі на ўкраінцаў зверху ўніз: «Што вы там, маўляў, у сваім Кіеве ведаеце? У вас тры вуліцы і два рэстараны. Затое ў нас…» Так і ўзгадавалі пакланенне Пуціну, хоць самі жывуць у лайне. Праз сваю манію велічы яны не дапускаюць, што не маюць рацыі і могуць прайграць у вайне.
Віна, данаты, абстрэл
— Прывыклі да жыцця не дома?
— Як вам сказаць… Калі сядзіш, п’еш каву ў атачэнні добрых людзей і глядзіш вакол, то крыху лягчэй. У мяне пайшоў пэўны час на тое, каб лавіць такія моманты і ўсведамляць, што магу пераключыць увагу. Бо было складана справіцца з пачуццём віны.
— Што вы не ва Украіне?
— Так. У самым пачатку вайны было шмат сумневаў. Хацелася вярнуцца дадому і рабіць нешта для краіны. Не ведаю, бульбу чысціць — што заўгодна! Потым пагаварыла з людзьмі, якія знаходзіліся ва Украіне. Мяне вельмі натхніла размова з Сашам Даўгаполавым (экс-тэнісіст, які ўступіў у шэрагі УСУ. — Заўв. рэд.). Ён ужо тады вырашыў, што будзе ваяваць. Саша сказаў: «Ты можаш вярнуцца і дапамагаць. Але калі працягнеш гуляць і будзеш зарабляць грошы, а потым пералічваць іх на патрэбы краіны, то прынясеш больш карысці». Я прыняла гэта. І калі пачала актыўна данаціць на розныя мэты (армія, прытулкі, рандомныя праекты), мне стала лягчэй. Асабліва пасля зваротнай сувязі — людзі пачалі дзякаваць.
— Колькі гадзін на дзень чытаеце, гледзіце навіны?
— Не спыняючыся. Нават у паўзах на трэніроўках, пакуль п’ю ваду, магу зазірнуць у тэлефон, калі ведаю, што ідзе абстрэл. Толькі падчас матчаў стараюся абстрагавацца ад усяго. Навучылася. Можа, праца з псіхолагам дала плён. Бо год таму і на гульнях маглі праплываць карцінкі перад вачыма. Як, напрыклад, пасля трапляння снарада ў Мікалаеўскую абласную адміністрацыю. Жудаснае відовішча — дом, пасярэдзіне якога велізарная дзірка.
Сваякі, зерне, чалавечнасць
— На «Ралан Гарос» некаторыя гледачы асвіствалі ўкраінскіх тэнісістак за адмову паціскаць рукі беларускам і расіянкам пасля матча. Чаму?
— У Еўропе не ўсе да канца разумеюць, што адбываецца. Гэта вайна, за якую кожны ўкраінец, беларус і расіяне нясе адказнасць. Вайна паміж сваякамі, былымі сябрамі. Вайна, якая не магла прысніцца нават у самым кашмарным сне. Ёсць жа выпадкі, што сын ваюе сёння супраць бацькі. Ці сын бамбіць горад, дзе жыве яго мама. Страшна… І мяне так замілоўвае, калі кажуць, што спорт па-за палітыкай!
— У Беларусі спартовыя функцыянеры любяць гэта паўтараць.
— Ведаеце, я таксама не ў стане спыніць вайну сваімі выказваннямі. Гэта праўда. Магу толькі ўносіць зерне ў перамогу маёй краіны. Напрыклад, інфармаваць навакольных пра вайну. Магчыма, мае інтэрв'ю здольныя данесці да некаторых расіян і беларусаў праўду пра тое, што адбываецца. То-бок існуе шэраг рэчаў, якія магу зрабіць па максімуме. І як украінка нясу адказнасць за ўсе падзеі. Чаму іншыя так не робяць? Напэўна, гэта нялёгка — прызнаць, што і я адказваю за тое і тое. Прасцей лайкаць прапагандыстаў, жыць ранейшым жыццём і казаць: «Я тут ні пры чым».
— Што могуць зрабіць сёння беларускія тэнісісты ў падтрымку Украіны?
— А вы ім задавайце гэтае пытанне, а не ўкраінцам. Хай яны сядуць, падумаюць. Напэўна, ужо прайшло дастаткова часу, каб для сябе нешта вырашыць. Мы, тэнісісты, з самага пачатку хацелі бачыць, што ў людзей прысутнічае чалавечнасць. Урэшце ўсё зводзіцца да чалавечых адносін. На гэтым пабудаваны свет, хто каму што сказаў, што зрабіў. Толькі адзін гулец за ўвесь час падышоў са слязамі на вачах і папрасіў прабачэння. Што да іншых, то мне было складана бачыць абыякавасць і з боку кіраўніцтва WTA (Жаночая тэнісная асацыяцыя), якое забараніла нам зрабіць прэзентацыю для еўрапейцаў, амерыканцаў пра тое, што адбываецца ва Украіне, і з боку гульцоў. Тэнісісты чамусьці элементарна не маглі сказаць, што супраць вайны. Адводзілі вочы. Гэта было балюча. Тым больш раней з некаторымі беларусамі і расійцамі вельмі добра камунікавала.
Сіла, Майдан, тэніс
— Маўчаць пра вайну праз страх за родных у Беларусі — гэта важкая прычына, каб не выказвацца?
— Шмат чула пра сітуацыю ў Беларусі. З цяжкасцю ўяўляю, як можна жыць у такой краіне. Не люблю судзіць людзей, не хачу. Але задумвалася пра гэта мільён разоў… Прабачце, які ёсць яшчэ варыянт спыніць вайну ва Украіне, рэпрэсіі ў Беларусі? Што рабіць? Бо калі ўсе будуць маўчаць, то нічога не зменіцца. У такой сітуацыі топавыя гульцы, якія маюць мільённыя аўдыторыі, могуць даносіць важныя мэсіджы, каштоўнасці. Адмаўляць, што вядомыя спартоўцы, селебрыці ўплываюць на думкі людзей, — глупства. І калі знаходзішся на тэніснай вяршыні, у цябе ёсць магчымасць зрабіць трохі больш у гэтым жыцці, чым проста перабіваць мяч і выйграваць матчы. Так, класна, калі ты добра гуляеш у тэніс, але ў адзін момант прачынаешся і ўсведамляеш: «Я здольны дапамагчы, паўплываць на нешта ў лепшы бок». Магчымасць зрабіць свет лепшым — велізарная сіла. Усведамленне гэтага дазваляе зрабіць першыя крокі для дасягнення зменаў.
— Гучыць лагічна, але ў рэальным свеце многія вядомыя беларускія спартоўцы выбралі маўчанне.
— Вельмі хачу, каб у беларусаў была свабодная краіна. Каб вы не жылі як у канцлагеры. У шоку, што ў вас нельга сказаць тое, што думаеш! А як гэта змяніць несілавым шляхам, я не ведаю. Бачыла ва Украіне Майдан, калі людзі тысячамі проста рушылі напралом. Іншага варыянту не знаходжу.
— Якія ў вас былі мэты ў тэнісе да вайны?
— Люблю гэты від спорту. Ніколі не выступала дзеля прызавых, рэйтынгу. Бацькі трапілі ў дзясятку, калі прывялі мяне ў секцыю. Тэніс адразу спадабаўся. Таму шмат гадоў галоўным было рэалізаваць любоў да гульні. А цяпер, як ужо казала, іншая мэта. Думаю, вышэйшая. Гуляю, каб мець магчымасць дапамагаць Украіне.
Сабаленка, МАК, цана
— Сабаленка пытала пра вашае здароўе пасля нявыхаду на матч у Індыян-Уэлсе?
— Не. Не падыходзіла і не пытала.
— Арына потым заявіла: «Думаю, што ў адмове Цурэнка было нешта большае, чым панічная атака або палітычная сітуацыя. Я думаю, ёсць нешта большае. У мяне была вельмі цяжкая сітуацыя летась з яе трэнерам, як ён абыходзіўся са мной. Я думаю, што гэты хлопец моцна на яе ціснуў, і менавіта таму гэта адбылося».
— У майго трэнера быў з ёю канфлікт. У пачатку вайны эмоцыі захліствалі — нервы ва ўсіх былі на мяжы. А што да ціску на мяне, то пра гэта дзіўна гаварыць чалавеку, які не ведае, праз што я прайшла апошнія гады.
— Разглядалі імавернасць байкоту матчаў з беларускамі і расіянкамі?
— Так. Абмяркоўвалі, думалі. Я, як вы ведаеце, наогул хацела вярнуцца ва Украіну. Але прынялі рашэнне не адмаўляцца ад матчаў, каб не ўскладняць сітуацыю з допускам на турніры. Ва Украіне розныя меркаванні на гэты конт. Нейкай каардынаванай пазіцыі ад нашай тэніснай федэрацыі, Мінспорту не было.
— Разумееце, чаму МАК завёў гаворку пра вяртанне беларусаў і расіян на міжнародную арэну ў нейтральным статусе і некаторыя федэрацыі ўжо зрабілі гэта?
— У тэнісе з самага пачатку знайшлі шчыліну, якую актыўна выкарыстоўвалі. Гэта моднае слова «дыскрымінацыя». Гэты масток МАК выкарыстаў сёлета і для іншых відаў спорту ў якасці абгрунтавання, чаму варта дапускаць беларусаў і расіян у нейтральным статусе. Хоць дыскрымінацыю разглядалі толькі з пункту гледжання перспектываў атлетаў з гэтых краін. Ніхто не казаў пра дыскрымінацыю ўкраінцаў: парушэнне базавых чалавечых правоў, парушэнне прынцыпаў fair play, адсутнасць магчымасцяў для трэніровак. Калі спытала пра гэта кіраўніцтва WTA, то ў адказ было толькі маўчанне. Абмяркоўваць праблемы ўкраінцаў проста не захацелі. Нуль дыскусій. Хоць сёння нічога не змянілася — вайна працягваецца. Для чаго наогул уводзяцца санкцыі? У якасці прэвентыўных мераў, праўда ж? Каб у будучыні нейкая краіна не напала на суседнюю і ўсе разумелі, якія будуць наступствы. Але ў МАК вырашылі зрабіць крок назад ад чалавечнасці. Мабыць, для іх гэта пытанне цаны.
Чытайце таксама


