Сяміразовы ўладальнік «Залатога мяча» (узнагарода найлепшаму футбалісту планеты па выніках года) нарэшце стаў чэмпіёнам свету. Сёння Ліянэль Месі выступае за французскі «ПСЖ», але амаль усе тытулы ў сваёй багатай калекцыі ён заваяваў у складзе іспанскай «Барселоны». Не факт, што Леа ўжо ўспомніць пра гэта, аднак адзін сезон яго партнёрам у «Барсе» быў Аляксандр Глеб. Успамінаем, як беларус апынуўся ў камандзе і гуляў з адным з найвялікшых футбалістаў у гісторыі.
Як яны сышліся
Месі апынуўся ў «Барселоне» ў 13 гадоў. І выступаў за каталонскі клуб да лета 2021-га. У 778 матчах ва ўсіх турнірах забіў 672 галы і аддаў 303 галявыя перадачы. У «Барсе» Ліянэль дзесяць разоў выйграў чэмпіянат Іспаніі, сем разоў — Кубак краіны і чатыры разы перамагаў у Лізе чэмпіёнаў.
У 2008 годзе Месі не гуляў у складзе сваёй зборнай у таварыскім матчы ў Мінску (адзіны выпадак, калі беларускія футбалісты сустракаліся з аргентынцамі) — у гэты час ён і яго партнёры кавалі алімпійскае золата Пекіна. Затое ў тым жа 2008-м аднаклубнікам Леа стаў Аляксандр Глеб, які паехаў у «Барселону» па тытулы.
У Іспанію Аляксандр перабраўся на піку кар’еры з лонданскага «Арсенала», дзе быў адным з вядучых футбалістаў. У 89 матчах Прэм’ер-лігі забіў 7 галоў і зрабіў 12 выніковых перадач. У 28 гульнях Лігі чэмпіёнаў (з улікам кваліфікацыі) — 3+7. Французскі трэнер Арсэн Венгер паверыў у беларуса, і той плаціў за давер.
У 2006-м лонданскі клуб дабраўся да фіналу Лігі чэмпіёнаў, дзе сустрэўся менавіта з «Барселонай». Глеб выйшаў у стартавым складзе і быў заменены на 85-й хвіліне. Нягледзячы на выдаленне ў першым тайме Лемана, «Арсенал» удзесяцёх вёў у ліку. Але прапусціў два мячы пад заслону матча. З «кананірамі» беларус не выйграў нічога.
Улетку 2008 года «Барселона» купіла Глеба ў «Арсенала» (называліся сумы ад 15 да 17 мільёнаў еўра). Крэатыўнаму паўабаронцу было на той момант 27 гадоў. Яго не збянтэжыла, што ў цэнтры поля ў «Барсе» гуляў цудоўны дуэт Хаві — Іньеста, а ў атацы ззялі добра знаёмы па «Арсенале» Анры плюс Месі і Эта’О.
Без галоў і фіналаў, але з тытуламі
У сезоне-2008/2009 Глеб правёў за «Барсу» 36 матчаў. У афіцыйных сустрэчах дэбютаваў 13 жніўня — у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. У чэмпіянаце Іспаніі ўпершыню з’явіўся на полі 31 жніўня ў матчы з «Нумансіяй».
Асноўным гульцом у «Барселоне» беларус не стаў. Да таго ж у сярэдзіне верасня выбыў амаль на месяц праз траўму шчыкалаткі.
У асноўным турніры Лігі чэмпіёнаў правёў сем матчаў і не адзначыўся выніковымі дзеяннямі. На групавым этапе чатыры разы выходзіў у стартавым складзе. А вось у плэй-оф атрымліваў трохі гульнявога часу, усяго тройчы замяняючы партнёраў. У фінале Глеб увогуле не трапіў у заяўку на матч. Каталонцы перамаглі «Манчэстэр Юнайтэд» — 2:0. Галы забілі Эта’О і Месі, які з дзевяццю мячамі стаў найлепшым бамбардзірам турніру.
У чэмпіянаце Іспаніі беларус узяў удзел у 19 матчах. І зноў у большасці выпадкаў уступаў у гульню з лаўкі запасных. Галоў не забіў. А выніковых перадач было тры: у матчах з «Вальядалідам», «Севільяй» і «Валенсіяй».
У гульні з «Севільяй» Глеб з’явіўся ў самым канцы, але паспеў аддаць галявы пас на Месі (адзнака 6.19). У тым чэмпіянаце аргентынец забіў 23 галы.
Нарэшце, у Кубку Іспаніі Аляксандр правёў восем матчаў. Але ў фінале («Барса» выйграла ў «Атлетыка» з Більбаа — 4:1, Месі забіў пераможны гол) уступіў у гульню толькі на 84-й хвіліне.
Вынік: тры галявыя перадачы за 36 матчаў ва ўсіх турнірах. Што да Месі, то ён па выніках сезона-2008/09 атрымаў свой першы «Залаты мяч».
Сваркі з Пепам
Узначальваў тады «Барселону» геніяльны Пеп Гвардыёла. Але Аляксандр не знайшоў з ім агульнай мовы.
— Я моцна сварыўся з Гвардыёлам, быў на яго пакрыўджаны. Казаў яму: «Ты мне тэлефанаваў, хацеў, каб я перайшоў, а ў выніку я гуляю праз раз». Трэба было цярпець, працаваць, даказваць, а не паказваць сваё фі. Трэба было быць найлепшым на футбольным полі, выйграваць канкурэнцыю на трэніроўках, а не часаць языком, выказваючы свае крыўды, — заявіў Глеб ужо пасля завяршэння кар’еры.
А вось што ён гаварыў у іншым інтэрв'ю:
— У сілу таго, што ў маім асабістым жыцці адбыліся пэўныя падзеі, я быў вельмі нервовы, нікога не слухаў. Калі мне Гвардыёла казаў вучыць іспанскую, я ўспрымаў гэта агрэсіўна, мэтанакіравана ішоў на канфлікт з ім. Вядома, які трэнер будзе трываць гэта, калі ў «Барселоне» сабраліся найлепшыя з найлепшых — не ты, дык іншы.
Як прызнаўся беларус, аднойчы ён ледзь не накінуўся на трэнера з кулакамі.
— Мы выйгралі Лігу чэмпіёнаў, але тады я таксама быў пакрыўджаны. Усе гульні да фіналу я гуляў, а ў галоўным матчы Гвардыёла не выпусціў мяне на поле, нават на лаўку запасных не пасадзіў. Хацеў яму ўрэзаць адразу пасля гульні. А цяпер я спакойны, цяпер я яго абсалютна разумею і на яго месцы зрабіў бы дакладна гэтаксама.
«Шкада, але часу не вернеш»
Глеб вырашыў перазапусціць кар’еру праз арэнды. Але больш не быў патрэбны топ-клубам. У «Штутгарце», куды ён у свой час з’ехаў у 19 гадоў і ўпершыню заявіў пра сябе ў Еўропе, «Бірмінгем Сіці» і «Вольфсбургу» Аляксандр ужо не знайшоў сябе ранейшага. У пачатку 2012 года ён скасаваў кантракт з «Барселонай», якой належаў увесь гэты час.
Далей у кар’еры беларуса быў суцэльны бег па коле: «Крылы Саветаў» з Самары, БАТЭ, турэцкія «Каньяспор» і «Генчлербірлігі», зноў БАТЭ, «Генчлербірлігі» і БАТЭ, зноў «Крылы Саветаў», чарговы камбэк у БАТЭ і сціплая «Іслач».
— Я мусіў дамагчыся большага, але дапусціў занадта шмат памылак. Усё магло быць нашмат лепш. Але я сам вінаваты. Вінаваціць нікога не хачу. Шкада, але часу не вернеш, — гаварыў Глеб, калі яшчэ выступаў за «Бірмінгем».
У сваім апошнім інтэрв'ю, 13 снежня гэтага года, Аляксандр зноў пашкадаваў пра сыход з «Барселоны»:
— Тое, што здарылася ў «Барселоне», як я неаднаразова казаў, — чыста мая віна. Я ўпэўнены, што і там бы дамогся [поспехаў] і ўсё было б добра. Проста так здарылася. Гэта цалкам мая віна.
Прызнанне і пасады
Глеб шэсць разоў прызнаваўся футбалістам года ў Беларусі (2002, 2003, 2005, 2006, 2007, 2008). Яго напэўна яшчэ доўга будуць памятаць, як аднаго з найлепшых у нашай гісторыі. Але праўда і ў тым, што засталася недаказанасць. Напрыклад, Аляксандр ні разу не згуляў з нацыянальнай зборнай на топ-турнірах.
Тым часам яго былы партнёр па «Барселоне» 18 снежня прывёў Аргентыну да тытула чэмпіёна свету. Вось як Глеб выказаўся пра Месі перад фіналам у Катары:
— Гэта самы таленавіты футбаліст свету на дадзены момант. Проста яго Бог абдарыў так. У яго атрымліваецца ўсё настолькі гарманічна, лёгка: як ён кантралюе мяч, як ён паводзіць сябе ў гульні. Ён абсалютна нармальны, спакойны. Ён ведае, хто ён. Ён разумее, што ён адзін з найлепшых у свеце. Калі ты з ім спакойна, нармальна камунікуеш, то і ён адкрыты такі, добры. Калі на павышаных пачынаеш [гаварыць], вядома, ён выбухае.
Цяпер Леа 35 гадоў. З завяршэннем кар’еры ён не спяшаецца. Нават у зборнай.
Глебу 41 год. Пра завяршэнне кар’еры абвясціў у сакавіку 2020 года. Сёння ён уваходзіць у савет дырэктараў жодзінскага клуба «Тарпеда-БелАЗ» (каманда ў мінулым сезоне заняла восьмае месца ў чэмпіянаце Беларусі). У інтэрв'ю, якое тэлегледачы ўбачылі 13 снежня, Аляксандр даў зразумець, што не супраць змяніць Уладзіміра Базанава на пасадзе старшыні федэрацыі футбола.
Чытайце таксама


