Ужо былы галоўны трэнер наваполацкага «Хіміка» Алег Хмыль заявіў, што «стаміўся біцца ілбом аб сцяну неразумення», маючы на ўвазе вартае жалю становішча справаў у хакейным клубе. Пра фінансавыя праблемы перыядычна гаворыць і яго калега з Магілёва Аляксандр Мацярухін. Гэта здаецца дзіўным, бо ў Беларусі гэты від спорту быццам бы аблашчаны ўвагай Аляксандра Лукашэнкі. Спыталі, што не так з фінансамі ў нашым хакеі, у былога дырэктара аршанскага «Лакаматыва» Яўгена Мазуры, які пасля жніўня-2020 падпісаў ліст за сумленныя выбары.
Што сказалі трэнеры
Па словах Алега Хмыля, які працаваў у «Хіміку» з 2019 года да сярэдзіны кастрычніка 2022-га, у клубе няма медыка і шмат чаго яшчэ.
— Яго [медыка] функцыі выконвае масажыст, у якога, праўда, ёсць досвед працы ў хуткай дапамозе, але сам факт! Відэааператар вымушаны здымаць матчы на ўласную камеру, а пра куплю хакейнай праграмы для разбору эпізодаў падчас гульняў і чуць ніхто не хоча. Добра, што, выкарыстоўваючы даўнія сувязі, удалося часова вырашыць гэтую праблему, але, на маю думку, такое сёння проста недапушчальна. Не кажу ўжо пра спецыяльныя прылады Polar, якія даўно і паспяхова выкарыстоўваюць у спорце для збору інфармацыі наконт функцыянальных магчымасцяў кожнага спартоўца. Працуем як у дзевяностыя: пульс прамацваем рукамі. Няма неабходных умоваў і для аднаўленчага працэсу, ёсць праблемы з закупкай формы, хакейнага інвентара…
Тым часам 29 кастрычніка пасля матча з «Нёманам» галоўны трэнер «Магілёва» Аляксандр Мацярухін (яго каманда прайграла — 1:4) сказаў, што ў яго няма рычагоў кіравання камандай.
— Можна матываваць прэміямі, якія атрымліваюць хакеісты акрамя мінімальнай мізэрнай зарплаты, можна матываваць нетрапляннем у склад. Я нічым не магу матываваць: у нас няма ні прэмій, ні глыбіні складу. Прысадзіць кагосьці або выгнаць вось так адразу я не магу, таму што на гэтае месца трэба знайсці новага гульца. А іх няма. У нас нават некаторыя абаронцы — гэта пераробленыя форварды.
Гэта ўжо не першы раз, калі ўкраінскі трэнер скардзіцца на сітуацыю ў камандзе.
— На жаль, у нас няма іншых магчымасцяў (фінансавых), мы не можам запрашаць іншых гульцоў, мяняць, як у іншых клубах робіцца, — заявіў Мацярухін 25 кастрычніка («Магілёў» саступіў у авертайме якраз «Хіміку» — 2:3).
Паводле яго словаў, памылкі, якія дапускаюць гульцы, бываюць «толькі ў дзіцячым садку, яслях, калі дзеці пачынаюць у хакей гуляць». Маўляў, таму яны і гуляюць у «Магілёве» — «больш нікому не патрэбныя».
Дадамо, што «Магілёў» пасля 21 матча чэмпіянату Беларусі-2022/23 займае апошняе месца, перамогшы толькі раз. «Хімік» ідзе 10-м з 12 каманд і не выглядае так безнадзейна.
«Чаму хакей — дзецішча Лукашэнкі?»
Чаму ж у «прэзідэнцкім» відзе спорту такія праблемы? Як да гэтага ставіцца? Экс-дырэктар аршанскага «Лакаматыва» Яўген Мазура падзяліўся меркаваннем.
— Наваполацк вядомы сваімі выхаванцамі, у прыватнасці, братамі Касціцынымі, Уладзімірам Дзянісавым. Адкуль там столькі праблем?
— Беларускія клубы жывуць за кошт бюджэтных сродкаў. У Віцебскай вобласці цяпер тры хакейныя каманды: «Віцебск», «Хімік» і «Лакаматыў». «Хіміка» заўсёды спансараваў [завод] «Нафтан». Але ў Наваполацку ёсць і футбольны клуб. У такой сітуацыі на завод кладзецца вялікая нагрузка. Мабыць, не хапае на ўсіх сродкаў. Гэта ўжо залежыць ад чыноўнікаў: каму і колькі выдзеляць. Раней у «Хіміка» таксама ўзнікалі праблемы. Прадпрыемствы ў Беларусі ж не ад добрага жыцця фінансуюць футбол і хакей — усё ў добраахвотна-прымусовым парадку.
— А «Магілёў»?
— Вы мусіце разумець, што ў беларускім хакеі даўно прайшоў час вялікіх заробкаў. Гэта раней гулец мог атрымліваць і шэсць тысяч даляраў за месяц, выступаючы ва ўнутраным чэмпіянаце. Але апошнія гадоў сем такое цяжка ўявіць. Адсюль — столі заробкаў, ліміты на легіянераў, узроставых хакеістаў. За кошт сваіх выхаванцаў «Магілёў» сёння неяк гуляе, але ўзровень нізкі. Якім бы геніяльным трэнер ні быў, без нармальнага фінансавання каманда амаль асуджаная на аўтсайдарства. «Віцебск», дарэчы, за апошні сезон падцягнуўся. І Кубак Беларусі выйграў гэтым летам.
— Калі эканамічная сітуацыя будзе яшчэ горшай, чаго чакаць беларускаму хакею?
— Вылучэнне сродкаў працягнецца. Для дзяржавы гэта пытанне прынцыпу. Маўляў, у нас праводзяцца чэмпіянаты па футболе, хакеі — усё добра. Скарачаць заробкі гульцоў ужо няма куды, хоць, напэўна, нашы хакеісты могуць гуляць і за ежу. Прынамсі, за 1000−1500 рублёў — цалкам. Цяпер, наколькі ведаю, сярэдняя зарплата ў Экстралізе (наймацнейшы дывізіён чэмпіянату Беларусі. — Заўв. рэд.) — 2000−2500 рублёў.
— Вы стаялі ля вытокаў стварэння «Лакаматыва» ў 2018 годзе. Чагосьці не хапала ў плане матэрыяльна-тэхнічнай базы?
— Галоўным спонсарам была Беларуская чыгунка. Яна закрывала ўсе пытанні. Орша таксама трохі дапамагала, маю на ўвазе грошы горада, але гэта была малая частка. Для БЧ «Лакаматыў» стаў свайго роду сацыяльным праектам. Цяпер толькі гэты клуб і застаўся ў Экстралізе. Каманды, якія прыкладна адначасова стваралі ў Пінску, Баранавічах і Бабруйску, не пацягнулі наймацнейшы дывізіён.
— Федэрацыя раптам пачала клапаціцца пра жаночы хакей, правёўшы трэніровачны лагер. Што думаеце?
— Спробы нешта рабіць былі і раней. У свой час стварылі клуб «Пантэра». Але на гэтым усё. Цяпер няма гульцоў. У кожнай школе ад сілы знойдзецца па пары дзяўчынак. І калі да пэўнага ўзросту яны могуць займацца з хлопчыкамі ў адной групе, то потым пацаны пачынаюць гуляць у кантактны хакей. У нас няма ўнутранага жаночага чэмпіянату, ды і наогул сістэмы падрыхтоўкі жаночага хакея. Так што гэта больш паказуха. Маўляў, у нас ёсць развіццё. Хоць для гэтага трэба было дзесяць гадоў таму пачынаць набіраць у кожным узросце адну жаночую групу па ўсіх школах краіны. А не проста правесці лагер або раздаваць пашпарты расіянкам, якія не запатрабаваныя на радзіме.
— Мы прынялі Чэмпіянат свету ў 2014 годзе, мінскае «Дынама» рэгулярна ўваходзіць у лік самых наведвальных клубаў КХЛ. Пры гэтым чэмпіянат Беларусі не цікавы шырокай аўдыторыі, на гульні Лукашэнкі, як і на калядныя турніры, зганяюць гледачоў. Хакей наогул патрэбны Беларусі?
— Мне, напрыклад, не хацелася б, каб пасля змены ўлады лядовыя палацы знеслі. Гэта было б па-дурному. Хакей патрэбны. Вырасла пакаленне, якім цікавы гэты від спорту. Гэта як тыя, хто займаецца, так і проста тыя, каму хочацца сачыць за камандамі, турнірамі. І інфраструктура гатовая. Галоўнае — як яе эфектыўна выкарыстоўваць.
— Але лядовыя палацы для некаторых — сімвал Лукашэнкі.
— Так, магчыма. Але, па-першае, паўсвету гуляе ў хакей, займаецца фігурным катаннем, шорт-трэкам. Ёсць попыт на лядовыя паслугі. Па-другое, чаму хакей — дзецішча Лукашэнкі? Від спорту б і так развіваўся. Мы не ведаем, якімі тэмпамі. Але складана ўявіць, што будзе горш. Зборныя і клубы знаходзяцца ў міжнароднай ізаляцыі, маючы магчымасць гуляць толькі з расіянамі і Казахстанам. Узровень унутранага чэмпіянату даўно прасеў. Нацыянальная зборная і да санкцый ужо вылятала з наймацнейшага дывізіёна. Хоць дзеці і трэнеры ў нас ёсць. І яны не знікнуць, калі прыбраць залішнюю палітызаванасць і паказуху з матчамі Лукашэнкі са зборам людзей праз БРСМ і прафсаюзы. Так што пытанне, якой будзе новая сістэма. Але проста ўзяць і ўсё разбурыць — няправільна.
Чытайце таксама


