КДБ абвінаваціў клінінгавую кампанію ў нявыплаце падаткаў. Дзяржаве нанесеная шкода ў асабліва буйным памеры. Пра затрыманне пяці чалавек паведаміў тэлеканал «Беларусь 1».
Гаворка ідзе пра грамадскае аб’яднанне «Сонечны круг». У эфіры тэлеканала заявілі, што «нейкая грамадзянка Ціханава, прыкрываючыся працаўладкаваннем інвалідаў, вырашыла сэканоміць на выплаце падаткаў».
«Выкарыстоўваючы наяўную ў беларускім заканадаўстве льготу, якая дазваляе працадаўцу адлічваць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва 5% ад прыбытку ў выпадку працаўладкавання не менш чым траціны інвалідаў, яна заснавала прадпрыемства з відам дзейнасці „ўборка памяшканняў“ са штатам 6 чалавек, 4 з якіх — асобы з абмежаванымі магчымасцямі. Пры гэтым работы, якія прыносяць прыбытак прадпрыемству, выконвалі 900 чалавек, якія не з’яўляюцца інвалідамі і якія сістэматычна прыцягваліся па дамове падраду», — заявіў у эфіры дзяржтэлеканала намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак.
У сюжэце паказалі момант затрымання жанчыны. Там таксама паведамілі, што «пяць фігурантаў крымінальнай справы ўжо даюць прызнальныя паказанні».
Акрамя таго, Алену Ціханаву абвінавацілі ў сувязях з амерыканскімі фондамі і МУС Славакіі.