У Эканамічным судзе Мінска 16 кастрычніка пачалі разглядаць справу пра банкруцтва «Клінікі А1». Гэта вынікае са звестак, апублікаваных у Адзіным дзяржрэестры справаў пра банкруцтва. Два гады таму ў гэтай клінікі забралі ліцэнзію. Унутраныя разборкі паміж заснавальнікамі дадалі цяжкасцяў гэтай медустанове.
У суд з пазовам пра банкруцтва звярнулася ўпраўленне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, якому клініка завінавацілася ўнёскаў на суму 12 868,76 рублёў.
У кампаніі няма маёмасці, а апошняя аперацыя па рахунках прайшла летам 2022 года — неўзабаве пасля таго, як Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзію клінікі на медыцынскую дзейнасць.
Суддзя да студзеня 2025 года адкрыў конкурсную вытворчасць. Гэта працэдура, якая прымяняецца да фірмы-банкрута, каб прыняць меры па выплаце даўгоў.
Як клініка дайшла да такога стану
Гэтую клініку заснавалі ў 2019 годзе. Увесну 2022-га ў медцэнтр прыйшлі адразу дзве праверкі дзяржорганаў. Пасля першай з іх — праверкі санстанцыі — медустанову яшчэ збіраліся адкрыць, выправіўшы выяўленыя недахопы. Але рашэнне Мінздароўя, якое з’явілася прыкладна праз месяц, пра пазбаўленне ліцэнзіі канчаткова падкасіла кампанію. «Стала зразумела, што рэсурсаў аднавіць яе ў нас не хопіць», — расказвалі тады ў медцэнтры. У фірмы пачалі збірацца пазыкі перад пастаўшчыкамі абсталявання, а таксама пратэрміноўкі ў выплаце заробкаў.
— Прэтэнзіі Мінздароўя да нас, на жаль, не дайшлі. Нам прыйшло прадпісанне, што нас закрываюць да моманту выпраўлення недахопаў на тэрмін да шасці месяцаў. Але як такога рашэння лекава-кантрольнага савета Мінздароўя мы так і не атрымалі. Нам не пералічылі тыя недахопы, праз якія нам прыпынілі дзейнасць, — казала блогу «Отражение» дырэктарка Алена Шарафановіч.
Як разборкі паміж заснавальнікамі дадалі пытанняў
І без таго складаная сітуацыя ў гэтай клініцы пагоршылася праз канфлікт паміж заснавальнікамі. Як раней расказвала кіраўніца медцэнтра, прычынай пільнай увагі дзяржорганаў сталі скаргі Уладзіміра Гурлёва — сына аднаго з заснавальнікаў медцэнтра Людмілы Гурлёвай.
— Сын другога заснавальніка, каб зняць дырэктара, пісаў скаргі ў Мінздароўя, наогул усюды. А ў выніку спынілі дзеянне ліцэнзіі, — расказваў у той час блогу «Отражение» заснавальнік медцэнтра Руслан Шарафановіч.
Характэрна, што цяпер поўны цёзка Уладзіміра Гурлёва кіруе іншым медцэнтрам — «Клініка гуру», які быў зарэгістраваны ў траўні 2022 года, у разгар канфлікту. Першапачаткова заснавальніцай гэтай новай клінікі значылася Людміла Гурлёва — сузаснавальніца «Клінікі А1». Паводле звестак на студзень 2024 года, у гэтым новым медцэнтры працавала два чалавекі, хоць на сайце пералічаныя 15 медыкаў.