Правесці рэвізію заканадаўчых актаў даручыў суддзям Канстытуцыйнага суда Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы, якая прайшла 18 ліпеня.
Палітык звярнуў увагу на тое, што цяпер у краіне дзейнічае 175 тысяч актаў.
— Катастрофа! Некаторыя з іх цяжка чытаць і ўспрымаць, яны перагружаныя, асобныя пытанні зарэгуляваныя. Многія нормы паўтараюцца. У акты ўносяцца шматлікія карэктаванні, — абурыўся Аляксандр Лукашэнка і даручыў арганізаваць правядзенне «маштабнай рэвізіі заканадаўства з падключэннем шырокага кола спецыялістаў».
Як растлумачыў палітык, вынікам такой працы мае стаць скарачэнне «прававога масіва, ліквідацыя супярэчнасцяў у прававым рэгуляванні, выяўленне падзаконных актаў, якія не адпавядаюць Канстытуцыі, законам і ўказам».
Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў суддзяў Канстытуцыйнага суда займаць «лідарскую пазіцыю» ў пытаннях «рэалізацыі палажэнняў асноўнага закона» краіны.
— Цяпер важна праяўляць ініцыятыўнасць, быць на вастрыі падзей, працаваць на апярэджанне. Словам, грамадства павіннае бачыць Канстытуцыйны суд у справе. Ад вашай актыўнасці залежыць дзейснасць абароны канстытуцыйнага правапарадку ў нашай краіне, — заявіў Лукашэнка.
Чытайце таксама