Новай кіраўніцай Мінпрацы стала Наталля Паўлючэнка. Раней яна займала пазіцыю першай намесніцы міністра гэтага ведамства. Адпаведнае рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка. Папярэдняя кіраўніца Мінпрацы Ірына Касцевіч перайшла працаваць дэпутаткай у парламент і пакінула сваёй папярэдніцы дастаткова «хранічных» нявырашаных праблем.
Патушыць «пажар» на рынку працы
У Беларусі працягвае абвастрацца сітуацыя з дэфіцытам кадраў. Гэтай праблемай заклапочаныя і наймальнікі, і чыноўнікі — эканоміцы тут і цяпер патрэбныя працоўныя рэсурсы. Апошнім часам гучалі некаторыя прапановы, як хаця б часткова скараціць недахоп кадраў, — ад ідэі вяртаць тых, хто з’ехаў, да прыцягнення патрыятычных пенсіянераў. Аднак рэальных эфектыўных дзеянняў з боку ўладаў пакуль няма.
Папярэдняя кіраўніца Мінпрацы «забыла» пра страхоўкі і дапамогі для беспрацоўных
Адна з праблем на рынку працы — нізкая дапамога па беспрацоўі. Яе максімальны памер — да дзвюх базавых велічынь (80 рублёў).
Чыноўнікі планавалі за мінулую пяцігодку, якая скончылася ў 2020-м, падняць памер дапамогі па беспрацоўі да бюджэту пражытковага мінімуму (цяпер ён складае 448,99 рубля). Ірына Касцевіч яшчэ ў снежні 2019 года заяўляла, што сярод тых, каму хочуць падняць гэтыя выплаты, — беларусы перадпенсійнага ўзросту і тыя, хто жыве на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Аднак на гэтыя планы чыноўнікі таксама «забыліся».
З праблемай нізкіх дапамог па беспрацоўі звязаная яшчэ адна фінансавая праблема — адсутнасць страхавання на дзяржаўным узроўні для тых, хто застаецца без працы. У канцы траўня 2017-га тагачасны міністр працы Ірына Касцевіч адзначала, што абмяркоўваецца ўвядзенне такога страхавання, якое дазволіць павялічыць памер дапамог. Міністр казала тады, што новы дакумент праходзіць узгадненне.
Але ў кастрычніку 2017 года Ірына Касцевіч заявіла, што пытанне ўвядзення страхавання ад беспрацоўя цяпер не разглядаецца. А ў траўні 2018 года міністр працы, адказваючы на пытанні дэпутатаў, анансавала, што ўвод страхавання ад беспрацоўя разгледзяць у наступнай пяцігодцы. З таго часу па гэтым пытанні цішыня.
Навесці парадак з пенсійнай сістэмай
У кастрычніку 2022 года ў Беларусі запусцілі чарговую пенсійную рэформу, яна датычыць дадатковай назапашвальнай пенсіі. Работнікі змогуць пры жаданні рабіць адлічэнні на другую пенсію — да 10% ад свайго заробку, а наймальнік будзе абавязаны «дакінуць» яшчэ да 3%. Прычым ёсць нюанс: працадаўца мусіць пералічваць такі ж працэнт, як і працаўнік, але не больш за 3%. Да прыкладу, калі спецыяліст кампаніі вырашыць уносіць на дадатковую пенсію 2% ад свайго заробку, то столькі ж мусіць дадаць і наймальнік. А калі работнік абярэ тарыф у 5%, то наймальнік «накіне» максімальныя 3%.
З кастрычніка 2022 года да гэтай сістэмы далучылася 28 тысяч чалавек. Гэта вельмі пасрэдны паказчык.
Ірыне Касцевіч таксама не ўдалося вырашыць хранічныя праблемы з пенсіямі. Адна з іх — страта стажу працы некаторымі работнікамі. Толькі паводле афіцыйных звестак, некалькі дзясяткаў тысяч чалавек трапілі ў так званую пенсійную пастку, яны ўжо страцілі частку стажу для налічэння пенсіі. Часцей за ўсё гэтая праблема датычыць работнікаў арганізацый, якія знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі (банкруцтва) і якія не закрываюць пазыкі перад ФСАН. Тыя перыяды, за якія не рабіліся ўнёскі, не ўлічваюць падчас разліку памеру пенсіі.
Яшчэ адно нявырашанае пенсійнае пытанне — пенсіянеры, якія працуюць, павінныя плаціць унёскі ў ФСАН са сваіх заробкаў і страчваюць частку пенсіі. Пры гэтым у будучыні ім не робяць пераразліку гэтых выплат, калі яны перастануць працаваць на заслужаным адпачынку.
Раней прафсаюзы крытыкавалі ўрад за тое, што пенсіянерам, якія працуюць, не пераглядаюць пенсіі.