12 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 102 «Аб развіцці Парку высокіх тэхналогій», падрыхтаваны па выніках праведзенай напярэдадні нарады на тэму развіцця IT-галіны ў краіне, піша яго прэс-служба.
Дакумент скіраваны на стварэнне ўмоваў для далейшага перспектыўнага развіцця ПВТ з апорай на сучасныя тэхналагічныя тэндэнцыі.
«Указам прадугледжваецца з’яўленне ў структуры Парку высокіх тэхналогій кіраўнічай кампаніі, якая зоймецца інтэнсіўным стратэгічным развіццём ПВТ. Кіраўнічая кампанія будзе прадстаўляць ПВТ пры ўзаемадзеянні з замежнымі партнёрамі, аказваць рэзідэнтам парку садзейнічанне ў пашырэнні экспарту, выхадзе на новыя рынкі і прыцягненні замежных інвестыцый», — гаворыцца ў паведамленні.
Пры гэтым усе ўмовы дзейнасці ў парку — прававыя, падатковыя, фінансавыя — захоўваюцца на ранейшым узроўні без якіх-кольвек зменаў. Таксама ў поўным аб’ёме захоўваюцца паўнамоцтвы назіральнага савета ПВТ, для забяспечання дзейнасці якога будзе сфармаваны сакратарыят.
Нагадаем, 11 красавіка Лукашэнка сабраў нараду па развіцці IT-галіны, на якой прызнаў, што «пэўныя людзі пабеглі за мяжу».
— Я іх не асуджаю. Таму што амерыканцы і іншыя білі па IT-сектары, каб нас прытармазіць, увялі санкцыі. Ну куды ім дзявацца? Хтосьці выехаў, хтосьці вярнуўся, — адзначыў Лукашэнка. — Хтосьці паездзіў па свеце [і вырашыў] - не, толькі ў Беларусь. У беларусаў гэта асаблівасць: мала хто можа быць за мяжой і быць задаволеным. Вось з’ехалі — ну не абрынуўся жа IT-сектар у эканоміцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Наадварот — рухаецца. Тыя, хто з’ехаў… Іх месца займаюць іншыя.