Беларускі блогер Віталь Храмцоў з’ездзіў у Слуцк і зрабіў незвычайны падарунак дзяўчыне-барысце, якая збірала чаявыя «на ровар». Ён паехаў у іншы горад і купіў для яе сапраўдны ровар, а відэа з рэакцыяй случчанкі выклаў у сваім TikTok-акаўнце @bulbanews.
@bulbanews Исполнили мечту🤗
Блогер зайшоў у Слуцкі гандлёвы цэнтр «Еўрапарк» і замовіў там гарбату ў кавярні. Тут ён убачыў ля касы шклянку для чаявых, на якой было напісана «на ровар». Дзяўчына-барыста на імя Улада патлумачыла, што ровар ёй патрэбны, каб катацца па горадзе.
Далейшы свой учынак Віталь патлумачыў жаданнем «зрабіць добрую справу». Чамусьці вырашыўшы, што ў Слуцку ровараў у продажы няма (потым карыстальнікі сацсеткі даказалі яму, што іх там вельмі нават прадаюць), ён без ведама дзяўчыны паехаў у суседні Салігорск і купіў ёй там ружовы ровар Stels.
— Перажываю, блін. Спадзяюся, ёй усё спадабаецца, — прызнаўся блогер адразу пасля пакупкі.
Калі проста да прылаўка кавярні падкацілі новы ровар, Улада спачатку палічыла гэта розыгрышам — яе пераканаў толькі гарантыйны талон на падарунак, які ёй уручыў ціктокер.
Дзяўчына расказала, што не так даўно працуе барыстай і спачатку хацела збіраць «на мора», але вырашыла, што гэта «занадта вялікая мара».
За паўдня ролік сабраў амаль 200 тысяч праглядаў. Некаторыя карыстальнікі, як і Улада, спачатку не верылі ў такую шчодрасць з боку незнаёмага чалавека, але потым у каментары прыйшла сама дзяўчына і пацвердзіла, што ўсё праўда, яшчэ раз падзякаваўшы блогеру.
«Пакуль вы сумняваецеся, чалавек ездзіць на новым ровары», — адказаў аўтар роліка.
Іншыя каментатары пахвалілі Віталя, а сёй-той назваў яго «Беларускі містар Біст» (MrBeast — папулярны амерыканскі блогер, прадпрымальнік і філантроп, на яго канал у YouTube падпісаныя больш за 250 млн чалавек. Вядомы сваімі відэа, дзе робіць падарункі і ладзіць розыгрышы сярод незнаёмых людзей).
Цяпер многія чакаюць яго ў сваім горадзе і просяць пакінуць такія ж «чаявыя», калі не лепшыя:
- «А мне купіце, я жыву ў Баранавічах, працую на рынку, у намёце прадаю квас. Вельмі збіраю на мару ўжо тыдзень» (марай аказаліся ноўтбук або зноў жа ровар).
- «Заўтра ў майстэрні пастаўлю скарбонку».
- «Я таксама Улада. А можна мне таксама гэтак жа чаявыя пакідаць?»
- «Я хутка пераязджаю з Мінска ў Слуцк, не бачу там перспектываў».