Читать по-русски


У студзені 2024 года ў берлінскім выдавецтве hochroth Minsk выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча «На беразе Волі». «Люстэрка» паразмаўляла з вядомым беларускім паэтам пра гэты зборнік, прысвечаны ў тым ліку мінскім пратэстам-2020, пра легендарную песню «Муры», якую Хадановіч пераклаў на беларускую мову і выканаў на «Плошчы-2010». А яшчэ пра цэнзуру, славутага пісьменніка, што сядзеў на Валадарцы, а таксама пра калег, якіх сам Андрэй лічыць жывымі класікамі беларускай літаратуры.

«Безумоўна, мур рухне — як і слуп, да якога мы прыкутыя, будзе павалены»

— У вершы «На беразе волі», што даў назву кнізе, вы пісалі: «Сонца прыходзіць да ўсіх, не пакрыўдзіць ніводнага, — // і ператворыцца кожны, каго ні вазьмі, // кволы заплаканы раб у героя свабоднага, // людзі ў народ, а народ — застанецца людзьмі». Гэтыя радкі створаныя ў 2020 годзе. Цяпер, у песімістычным 2024-м, вам не здаецца, што людзей, якія сталі свабоднымі, зноў загналі ў рабства?

— Пакаштаваўшы і пасмакаваўшы свабоды, нашае грамадства калі не цалкам паўстала, дык зрабіла некалькі крокаў у сваім фармаванні. Узнікла салідарнасць шырокага масштабу паміж людзьмі, будаваліся гарызантальныя сувязі. Учорашнія незнаёмыя людзі, суседзі шматкватэрных шматпавярховак, перазнаёміліся падчас дваровага руху. Мне здаецца, гэтае адчуванне назад ужо не запіхнуць. Яно не забудзецца.

А яшчэ мне здаецца, што адчуванне таго, што ты — самазванец, нікуды не падзенецца. Колькі б ні ўзнікала знешніх прыкмет перамогі, сілавыя і іншыя варыянты задушэння нязгодных, рэпрэсіі. Усё адно ён разумее, што з’яўляецца самапрызначаным уладаром, што яго ніхто не хоча і толькі цярпяць.

Натуральна, нам з вамі хацелася і верылася, што змены адбудуцца хутка. Але яны зацягнуліся. Яскравы карнавал ператварыўся ў доўгую дарогу — згодна з апошнім, аўтабіяграфічным творам Васіля Быкава (мемуары класіка беларускай літаратуры называюцца «Доўгая дарога дадому». — Заўв. рэд.). Дарогу да сябе, да ўсведамлення сваёй ідэнтычнасці і мовы. Сітуацыя зрабілася настолькі палярнай, як у фэнтэзі ці дзіцячых казках з дабром і злом. Намаляваўся свет оркаў, з’явіліся праэльфійскія сімпатыі (усміхаецца).

Думаю, што і спадзяванні, і надзеі, і выбар людзей нікуды не зніклі. Проста адны расцярушаныя па свеце і спрабуюць насіць з сабой кавалачкі Беларусі. Другія фактычна аказаліся ў сітуацыі так званай унутранай эміграцыі і выжываюць, не высоўваючы галавы і хаваючыся ад рэпрэсій.

Андрэй Хадановіч. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich
Андрэй Хадановіч. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich

— У далёкім 2010 годзе вы ўпершыню праспявалі беларускую версію легендарных «Муроў» («Мур хутка рухне, рухне, рухне...») на марознай «Плошчы» пасля выбараў. Ці думалі тады, што гэта песня так доўга будзе актуальнай?

— Пачну здалёк. Арыгінальны твор пад назвай L'Estaca (па-каталонску — «слуп») напісаў Луіс Льяк, які змагаўся супраць іспанскага дыктатара Франсіска Франка. Пасля бард Яцак Качмарскі перапісаў яе і стварыў польскую версію пад назвай «Муры». Я перакладаў менавіта яе. У снежні 2010 года я ведаў, куды выйду ў дзень выбараў і што паспрабую ўзяць слова і нешта пачытаць.

Яшчэ раней у мяне быў досвед 2006 года і актыўных выступаў на плошчы Каліноўскага падчас спробаў утрымання нашага намётавага гарадка (гаворка пра пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбываліся на Кастрычніцкай плошчы — пратэстоўцы называлі яе «плошчай Каліноўскага». — Заўв. рэд.). Я тады актыўна пісаў тэксты па гарачых слядах. Яны былі актуальныя, выклікалі пазітыўную зваротную рэакцыю і потым увайшлі ў невялічкую анталогію пратэснай паэзіі «Рэпартаж з месца падзеяў».

Праз нейкі час я перачытаў яго — і расчараваўся. Большасць ўдзельнікаў, вялікая колькасць сімпатычных, у асноўным таленавітых людзей, напісалі тэксты, якія імкліва састарэлі, ператварыліся ў невыносную публіцыстыку. Таму мне хацелася папрацаваць над тым, што гарантавана прайшло б праверку часам. Я выбраў «Муры» якраз з думкай пра каласальную гісторыю гэтай песні, пра тое, што яна ўжо аднойчы паспяхова пераадолела межы і стала патрэбнай у змаганні не толькі каталонцам, але і палякам.

Мне падабалася, што ў яе ёсць трэці, горда-іранічны куплет, які робіць яе як бы амбівалентнай (двухсэнсоўнай. — Заўв. рэд.). Гэта не агітка нават у самых добрых агучаных мэтах, гэта – глыбокі філасофскі твор («А песня глухне, глухне, глухне… // А муры растуць, растуць»). Я нават думаў, ці варта выгукваць гэты трэці куплет 19 снежня. Амапаўцы зрабілі выбар за мяне: разгон пачаўся прыкладна падчас выканання гэтай песні.

«Муры» жылі задоўга да мяне. Чаму б ім не існаваць пасля 2010 года? Неўзабаве яе запісаў [кампазітар і спявак] Зміцер Вайцюшкевіч. Я сам ў 2014-м выпусціў альбом песень Качмарскага і прэзентаваў у вузкім коле ў розных гарадах.

Зразумела, не ўяўляў сабе, наколькі песня зробіцца папулярнай у 2020 годзе. Мне вельмі спадабалася, што яна фактычна зрабілася народнай, у кожным куце амаль кожны можа падхапіць прыпеў. У яе з’явіліся версіі. Невядомыя мне людзі дапісалі чацвёрты куплет. Гэта мяне і расчуліла, і крыху напружыла, бо ніхто не спытаў у мяне, тым больш нельга ўжо спытаць у памерлага Качмарскага. Але хто пра тое думаў, калі гарэлі сэрцы?

Наогул, я вельмі рады, што спрычыніўся да руху гэтай песні. Мне ўсцешна, што «Муры» зрабіліся адным з сімвалаў пратэсту. Мне горка, што за яе спяванне ці слуханне ў машынах людзей затрымлівалі і саджалі. Так што вельмі шмат розных пачуццяў.

Андрэй Хадановіч. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich
Андрэй Хадановіч. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich

— А вы верылі, што «мур хутка рухне»?

— Я мала пра гэта тэарэтызаваў, хутчэй кіраваўся інтуіцыяй. 8 жніўня 2020-га, за дзень да выбараў, я вырашыў зрабіць іншую версію песні. Папрасіў маю добрую сяброўку з Барселоны пра падрадкоўнік да каталонскага арыгіналу Луіса Льяка, што называўся «Слуп», і зрабіў на яго падставе беларускую версію.

З «Мурамі» тую песню яднае мелодыя і рэфрэн «рухне, рухне, рухне». У астатнім гэта – зусім іншы тэкст, які малюе бясконца доўгі шлях да свабоды. Там стары Сізэт — не Сізіф, але чымсьці падобны да Сізіфа, што коціць свой камень, — спявае хлопчыку. А потым гэты хлопчык вырастае і ўжо сам робіцца старым і спявае, як заклён, гэтую песню: гэты слуп можна і трэба паваліць, ён гнілы наскрозь. Але пры гэтым ён пусціў карані ў сэрца краіны. Таму рукі падраныя ў кроў. Таму найлепшыя гады нашага жыцця сыходзяць за гэтым змаганнем. Песня гучыць як мужны стаіцызм: няма ружовых акуляраў, усё будзе няпроста, змаганне будзе доўжыцца яшчэ нейкі час. Але пры гэтым кожны дзень трэба расхістваць гэты мур. Толькі тады ён урэшце зваліцца.

8 жніўня 2020 года гэтая песня падавалася мне больш беларускай, менш аптымістычнай і больш цвярозай. Безумоўна, мур рухне — як і слуп, да якога мы прыкутыя, будзе павалены. Проста тады ў мяне ўжо было адчуванне, што гэта зойме нейкі час, і падзяром мы ў кроў рукі.

Так і сталася. Тыя, хто ў 2006-м дзіцем слухаў такія песні, у 2010-м былі ўжо актыўнымі юнакамі, у 2020-м — дарослымі людзьмі. Цэлае пакаленне людзей вырасла ў несвабодзе. Ніхто не гарантуе, што заўтра ці паслязаўтра ўсё зменіцца. Але гэта не выбаўляе нас ад неабходнасці хістаць і валіць — валіць у сэнсе валення слупа (усміхаецца).

«Найбольш балючыя, праўдзівыя, глыбокія рэакцыі і пра 2020-ы, і пра 2022-і ў асноўным пісаліся людзьмі ў Беларусі»

— У беларускім літаратурным асяроддзі цяпер ёсць дзве супрацьлеглыя, палярныя пазіцыі. Першая — сапраўдная творчасць у Беларусі ва ўмовах татальнай цэнзуры немагчымая, сапраўдная літаратура можа стварацца толькі на волі, то-бок у эміграцыі. Другая — немагчыма ствараць сапраўдную беларускую літаратуру ў адрыве ад Беларусі, бо знікае сувязь з нашай зямлёй, з рэаліямі паўсядзённага жыцця. Што вы наконт гэтага думаеце?

— Я думаю, што абедзве гэтыя пазіцыі маюць рацыю. Гэта два бакі аднаго працэсу. Беларусь існуе ўнутры і звонку краіны. І ў кожнай часткі нас ёсць свае праблемы і выпрабаванні, але і свае перавагі — калі казаць пра чалавека, што піша. Мне здаецца, што калі б уся беларуская літаратура аказалася ў Беларусі за калючым дротам ва ўнутранай эміграцыі, было б нашмат горш, чым цяпер. Аналагічна — калі б усе творцы раптам апынуліся па-за межамі краіны. Гэта дзве песімістычныя рэальнасці.

Андрей Хаданович. Фото: архив TUT.BY
Андрэй Хадановіч. Фота: архіў TUT.BY

Мне здаецца, што кожны з нас мусіць кіравацца перавагамі свайго становішча. Тыя, хто за мяжой — ва ўвесь голас казаць пра Беларусь. Казаць, часам стамляючыся псіхалагічна, бо новым і новым людзям трэба паўтараць адно і тое ж. Але тым не менш трэба, бо Беларусь імкліва знікла з сусветнага парадку дня. Людзям можа здавацца, што ў нас усё наладзілася, а гэта – няпраўда, робіцца толькі горай. Трэба выдаваць кнігі, займацца іх прасоўваннем, выхоўваць чытача, здольнага легальна набываць і чытаць электронныя версіі, слухаць аўдыёвыданні і гэтак далей.

Таксама не ўяўляю сабе беларускай літаратуры без людзей, якія, насуперак усяму засталіся ў краіне. Ведаю, што культурнае жыццё ў Беларусі працягваецца — без публічных абвестак, інтэрнет-афіш, публічна створаных мерапрыестваў. Наўмысна не буду казаць падрабязнасці, каб не падставіць гэтых людзей. Скажу яшчэ, не называючы імёнаў: найбольш балючыя, праўдзівыя, глыбокія рэакцыі і пра 2020-ы, і пра 2022-і ў асноўным пісаліся людзьмі ў Беларусі.

— Цяперашняя беларуская літаратурная эміграцыя можа паўтарыць лёс расійскай міжваеннай? Спачатку актыўнасць, якая пасля зніжаецца, зніжаецца і зніжаецца.

— Мне здаецца, трэба браць пад увагу рэжымы, якія выклікалі і тую эміграцыю, і цяперашнюю. Савецкага хапіла на семдзесят гадоў, а гэта працяглае чалавечае жыццё. Таму ў расіян сапраўды быў перыяд энтузіяму, потым — песімізму. Літаратуразнаўцы ведаюць гэты феномен — «паэты парыжскай ноты» з суіцыдальным нервам, з цынізмам і чорным гумарам. Гэта прысутнічала ў эмігранцкіх творах. Але была і нобелеўская ўзнагарода для Івана Буніна, і росквіт таленту Уладзіміра Набокава.

З іншага боку, мне здаецца, што найлепшыя творы паўсталі сярод тых, хто не з’ехаў з Расіі альбо самагубна вярнуўся туды. Хоць большасць гэтых творцаў жыццём ці зламаным лёсам заплаціла за гэта.

Андрей Хаданович. Фото: facebook.com/andrej.khadanovich
Андрэй Хадановіч. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich

Аднак розніца паміж СССР і Беларуссю вельмі вялікая. Цяперашнія рэжымы Беларусі і Расіі вядуць самагубчую палітыку. Не ўяўляю, каб гэта цягнулася настолькі доўга. Акрамя таго, інтэрнэт дае магчымасць літаратарам кантактаваць са сваімі чытачамі паўзверх бар’ераў.

«„Уладар пярсцёнкаў“ і „Гары Потэр“ па-беларуску здольныя пашырыць сферу ўжывання роднай мовы»

— Што вы лічыце галоўным дасягненнем беларускай літаратуры ў 2023 годзе?

— Вылучу тры пункты.

Першае — росквіт актыўнасці незалежных выдавецтваў за мяжою. У Варшаве аднавіла дзейнасць выдавецтва Андрэя Янушкевіча (пад назвай «Кнігаўка»). У Кракаве з’явіўся «Гутэнберг». У Лондане актывізаўся «Скарына» і гэтак далей — спіс можна працягваць.

Другое — стратэгія выдаўцоў на колькаснае заваяванне чытачоў. Выходзіць вялікая колькасць кніжак, патрэбных масавай аўдыторыі. Пачаў выдавацца «Уладар пярсцёнкаў», працягваецца праца над «Гары Потэрам». Гэтыя кнігі здольныя пашырыць сферу ўжывання роднай мовы, бо іх можа набыць і рускамоўны беларус. Але адначасова на гэтым фоне згадаем дзейнасць Дзмітрыя Строцава, які выдае маргінальны, на першы погляд, род літаратуры — паэзію, што нечакана аказваецца запатрабавай.

Трэцяе — насуперак усім атакам, «экстрэмісцкім» спісам і забаронам, захавалася практычна ўся сістэма незалежных літаратурных прэмій. Летась у іх былі вельмі сімпатычныя прызёры. Напрыклад, у прэміі Гедройця перамагла Ганна Кандрацюк — упершыню першае месца атрымала кніга падляскай, беластоцкай аўтаркі, і другі раз прэмію заваявала жанчына. Уручаецца ўзнагарода Шэрмана для перакладчыкаў, аднавіўся «Дэбют» імя Багдановіча для маладых аўтараў, блізіцца ўручэнне прэміі Цёткі для дзіцячых пісьменнікаў і мастакоў.

Андрэй Хадановіч. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich
Андрэй Хадановіч. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich

— Дзмітрый Строцаў якраз выдаў вашую кнігу ў сваім выдавецтве. Што гэта за ініцыятыва?

— hochroth — нямецкае выдавецтва, у якога пакрысе пачалі ўзнікаць філіялы. Дзякуючы беларусу Дзмітрыю Строцаву з явілася і беларуская філія hochroth Minsk.

hochroth Minsk спецыялізуецца на паэзіі — рэдкі выпадак у нашыя часы. Цягам апошняга года выйшла ўжо пад тузін кніжак. Яны тонкія, элегантна аформленыя. Найважней, што гэта – паэзія, якая не магла з’явіцца ў Беларусі нават паўтара года таму, калі яшчэ сёе-тое можна было выдаць, не кажучы ўжо пра сённяшні час. Канцэпцыя серыі — гэта паэзія салідарнасці і пратэсту. Паэзія, якая так ці інакш рэагуе на змены, якія адбываюцца навокал нас у 2020-м і 2022-м. Гэта паэзія Артура Камароўскага, Ганны Комар, Сабіны Брыло, Касі Іофе і некаторых іншых. Мне было прыемна спрычыніцца адразу да дзвюх кніжак: выйшла мая кніга «На беразе Волі» і кніга ваенных вершаў украінскага жывога класіка Сяргія Жадана ў маіх перакладах — пакуль адзінае перакладзенае выданне ў гэтай серыі.

«„Новая зямля“ Коласа — гэта гісторыя фантомных боляў»

— Вы напісалі лібрэта да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха». Кампазітар Вольга Падгайская казала нам, што ў яе музыцы – дзве галоўныя тэмы: «любові і страху, якія ідуць праз увесь твор як лейтматыў. Тэмы страху вельмі шмат, але любоў усё ж перамагае». А што было галоўным для вас?

— Мне хацелася не замяняць уласным фантазёрствам арыгінал. Я толькі пасярэднік паміж музыкай, сцэнай і першакрыніцай — аповесцю Караткевіча, якую я ўсё жыццё вельмі люблю. Я згодны з Вольгай, што, безумоўна, тэма кахання, якое перамагло — але і шырэй, любові, любові да свайго — кіруе фалькларыстам Беларэцкім у пошуках беларускай Беларусі. Калі ён едзе ў фальклорную экспедыцыю, каханне выратоўвае і яго, і каханую жанчыну, і ўсё наваколле.

У творы Караткевіча прысутнічае страх, боязь Малога чалавека, Блакітнай дамы і Дзікага палявання, якія ў пэўным сэнсе аказваюцца фікцыяй. Аказваецца, што за ўсім гэтым стаяць не містычныя ўсёмагутныя сілы, а хітры чалавечы разлік. Інтрыга, якую можна разгадаць, наступствы якой можна пераадолець. Таму абедзве тэмы (кахання і страху) з’яўляюцца для нас тэрапеўтычнымі. Важна пачаць гэтую перамогу ўнутры, пераканаць сябе, што ўчынак і наступны крок магчымыя. З гэтага і пачынаецца перамога. Тут я Вольгу Падгайскую падтрымаю.

Для мяне як для лібрэтыста было істотна, што Караткевіч не толькі празаік, але і выдатны паэт. Працуючы над «Дзікім паляваннем», я адначасова чытаў вершы Караткевіча (пераважна балады). І прыйшоў да высновы, што ў нечым яны падобныя да зонгаў, да тэатральнай дэкламацыі. Славутая «Беларуская песня» («Дзе мой край…») або ўжо культавы верш «На Беларусі Бог жыве» — гэта ідэальныя тэксты, якія можна выконваць са сцэны. Я імкнуўся не здраджваць такому стылю. Натуральна, дапамог досвед перакладчыка. Таму ў нечым справа была тэхнічнай: не напартачыць, не перацягнуць коўдру з арыгіналу кудысьці ў іншы бок. Але разам з тым, вядома, зняць нейкі пыл.

У мяне была перавага. Я ведаў, якую ролю хто выканае, які персанаж будзе спяваць, а які будзе гаварыць. Таму лібрэта стваралася ўжо з разлікам на канкрэтных людзей.

Вядома, вельмі важная ўкраінская тэма. Яна не прыдуманая, не высмактаная з пальца, а прысутнічае ў «Дзікім паляванні» Караткевіча. Бо твор задумваўся яшчэ падчас навучання пісьменніка ў Кіеўскім універсітэце. Аднаму з герояў аповесці, Андрэю Свеціловічу, нададзеныя некаторыя аўтабіяграфічныя рысы пісьменніка. Дарэчы, Свеціловіча звальняюць з універсітэта фактычна за чытанне вершаў пратэсту (вершаў Шаўчэнкі). Божа, як гэта знаёма па пратэсных спевах студэнтаў у [Мінскім дзяржаўным] лінгвістычным універсітэце ў верасні 2020-га!

Андрэй Хадановіч. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich
Андрэй Хадановіч на дваровым выступе падчас пратэстаў 2020 года. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich

— Апошнім часам папулярнасцю ў аматараў літаратуры карыстаецца ваш YouTube-канал. Падчас падрыхтоўкі выпускаў вы адкрывалі для сябе нешта невядомае пра пісьменнікаў? Змянялі сваё ўяўленне пра кагосьці з іх?

— Уяўленне, бадай, не змяняў, а вось адкрыццё невядомых фактаў сапраўды мела месца. Раз за разам пераконваўся, як мы слаба ведаем нашую класіку, якія стэрэатыпныя ў нас уяўленні, закладзеныя ў школе. Мяне па-добраму ўразіў феномен вечна актуальнай беларускай літаратуры, якая пісалася ў іншых умовах і для іншых чытачоў, а сёння стала яшчэ патрэбнейшай для нас.

Напрыклад, не магу сказаць, што маім любімым беларускім аўтарам быў Якуб Колас. Але я сапраўды расхваляваўся і ўзрушыўся, калі расказваў пра яго. І гэты сюжэт стаў абсалютным рэкардсменам па праглядах. Расказваючы пра «Новую зямлю», не прыводзіў нейкія хрэстаматыйныя штампы пра «энцыклапедыю сялянскага жыцця», а расказваў пра твор як пра гісторыю фантомных боляў. Паэма — фантомны боль арыштанта Пішчалаўскага замка, для якога родны кут — гэта сімвал свабоды. Або мабілізаванага на Першую сусветную вайну жаўнера, для якога новая зямля — сінонім міру. Альбо гэта боль вымушанага рэлаканта ў Расію, для якога расказаная ім гісторыя — сінонім часова страчанай Беларусі.

Дадам, што, калі Колас знаходзіўся ў росквіце славы, быў прызнаным пісьменнікам, Беларусь была штучна падзелена Масквой і Варшавай. Радзіма класіка [Стаўбцоўшчына] аказалася за мяжой. Ён не мог бачыць маці, якая засталася там. А бацька памёр раней — і паэт яго ўваскрашае ў сваім творы.

Паглядзіце, як усе чатыры сюжэты — пра вязняў, мабілізаваных на фронт, рэлакантаў і пра падзел беларусаў на тых, хто ў краіне, і хто за мяжой — чапляюць нас. Што можа быць актуальнейшым за такую класіку?

Але таксама была вельмі важная і іншая рэч: сціраць штучную мяжу паміж беларускім і сусветным. У нас як бы ёсць гэтыя перагародкі. Вось тут сусветная літаратура, і яна замежная. Насамрэч гэта не так. Нашае пісьменства — вельмі істотны кампанент сусветнай літаратуры і яе частка.

«Рускай літаратуры мусіць быць не меней, але і не болей, чым іншых цікавых твораў»

— Адзін з вашых выпускаў называўся «Імперская літаратура». Падзагаловак такі: «Чаму рускай літаратуры не павінна быць у школах Беларусі». На вокладцы Пушкін, Лермантаў, Талстой — і танк. На вашую думку, ці трэба беларускім школьнікам вывучаць «Яўгена Анегіна» і «Вайну і мір»?

— Руская літаратура, безумоўна, патрэбная як кампанент літаратуры сусветнай. Але, на жаль, яна яшчэ не ўспрымаецца намі як суседская і блізкая, але не свая. Мусіць быць дыстанцыя. Бо ў нас шмат не самых лёгкіх стагоддзяў агульнай гісторыі з каланізацыяй і спробамі знішчыць беларусаў.

Але ж праблема не столькі ў рускай літаратуры. Хай расіяне, калі выжывуць і захаваюцца ў той катастрофе, у якую самі сябе загналі, робяць працу над памылкамі і вырываюць імперскасць з сэрца сваёй культуры, дзе яна глыбока-глыбока сядзіць. Нашая праблема чыста тэхнічная: для самастойнай нацыі і культуры ў нас проста зашмат расейшчыны. Таму рускай літаратуры мусіць быць не меней, але і не болей, чым іншых цікавых твораў, напісаных іншымі замежнымі пісьменнікамі.

Натуральна, усё найлепшае мусіць быць у школьнай праграме. Там мусіць знайсціся месца і для Пушкіна, і для Талстога, і для Чэхава — але побач з Шэкспірам, Сервантэсам, Рабле, Гётэ, Бальзакам. Мы мусім ведаць «Мадам Бавары» Флабэра не менш, чым «Ганну Карэніну» Талстога, бо гэта падобныя творы і тэматычна, і ўзроўнем, і сваёй глыбінёй.

Андрэй Хадановіч. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich
Андрэй Хадановіч і Святлана Ціханоўская. Фота: facebook.com/andrej.khadanovich

— А на якой мове вывучаць: у арыгінале ці ў перакладзе?

— Выкладаючы сусветную літаратуру (цяпер раблю гэта ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце), стараюся цытаваць там, дзе гэта магчыма, рускую літаратуру па-беларуску. Бо пераклад — гэта таксама жанр літаратуры. Чым большую колькасць добрых твораў беларуская мова перапрацуе і зробіць «сваімі», тым вышэйшым будзе ўзровень нашай літаратуры і стылістычных магчымасцяў айчынных літаратараў. Таму хай руская літаратура праз пераклад таксама служыць фармаванню беларускай. Але ў гамеапатычных дозах (усміхаецца).

— Аднаго з герояў чарговага выпуску вы назвалі «жывым класікам». А хто сярод сучасных беларускіх літаратараў варты такога статусу?

— Адзін з магчымых крытэраў сфармуляваў знакаміты паэт Томас Стэрнз Эліят. З’яўляецца аўтар ці мастацкі твор — і яго з’яўленне ў нечым мяняе ўсё нашае бачанне літаратуры ў цэлым. Ёсць такія аўтаркі і аўтары і ў нас. Зразумела, жывым класікам з’яўляецца нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Шмат дзесяцігоддзяў такім аўтарам быў паэт Алесь Разанаў. Для мяне жывы класік — Валянцін Акудовіч у філасофскай эсэістыцы, Уладзімір Някляеў у паэзіі альбо Уладзімір Арлоў адразу ў некалькіх жанрах.

Але «жывы класік» — неабавязкова аўтар сталага веку. Для мяне жывыя класікі — мае равеснікі Ева Вежнавец і Альгерд Бахарэвіч. Іх кнігі змяняюць кантэкст беларускай літаратуры, яны запатрабаваныя, чытаюцца і перавыдаюцца. Альгерд плённы і нястомны ў сваіх пошуках. А «Па што ідзеш, воўча?» Вежнавец зрабіла такі ўплыў, што стала адной з галоўных кніг дзесяцігоддзя.

Чытайце таксама