«Людзі вылівалі алкаголь у прыбіральні». На мяжы з Латвіяй беларусам забараняюць увозіць многія тавары, мытня тлумачыць гэта санкцыямі ЕС
1 лiпеня 2024 у 1719840360
«Зеркало»
У ноч на 1 ліпеня ў чатах пра перасячэнне мяжы пачалі пісаць, што на латвійскім пункце пропуску «Патэрніекі» (з беларускага боку - «Грыгароўшчына») беларусам забараняюць увоз у ЕС цыгарэт, алкаголю, касметыкі, тэкстылю і шэрагу іншых тавараў. Некаторыя падарожнікі расказалі, што іх прымусілі выліваць спіртное і «ламалі цыгарэты». Латвійская мытня, куды «Люстэрка» звярнулася па каментар, патлумачыла тое, што адбываецца, узмацненнем санкцый супраць афіцыйнага Мінска.
У тэлеграм-чатах адны беларусы напісалі, што на латвійскім пункце пропуску «Патэрніекі» мытнікі прасілі выкідваць цыгарэты і выліваць увесь алкаголь, а таксама пыталі пра наяўнасць касметыкі беларускай вытворчасці. Іншым падарожнікам, з іх словаў, забаранілі ўвозіць у Латвію цэлы шэраг тавараў, у тым ліку тэкстыль, прадметы з металу і пластыку.
- «У "Патэрніекі" сказалі, нічога нельга ўжо везці, ні алкаголь, ні прадукты харчавання, ні тэкстыль, ні цыгарэты… Людзі ў прыбіральні вылівалі алкаголь».
- «Рондляў тут не дазваляюць, у адной жанчыны набор накрывак пластыкавых забралі».
- «Кажуць, што і тканіны пад забаронай».
Адна з падарожніц напісала, што яе мужа прымусілі выкінуць паўпачка цыгарэт, іншая - што пасажырам аўтобуса заявілі пра забарону на ўвоз касметыкі, «але ні ў кога не канфіскавалі, здаецца».
Паводле беларусаў, латвійскія мытнікі спасылаюцца на новыя абмежавальныя меры ЕС, паводле якіх на Беларусь распаўсюджваюцца тыя ж санкцыі, што і на Расію.
Супрацоўнікі мытні пункта пропуску «Патэрніекі», куды «Люстэрка» звярнулася па каментар, таксама абгрунтавалі забарону на ўвоз тавараў еўрапейскімі санкцыямі, а менавіта рэгламентам Рады ЕС 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024 года.
Там не змаглі назваць дакладны спіс прадметаў, якія забаронена ўвозіць на тэрыторыю Латвіі, аднак падкрэслілі, што ён досыць шырокі і распаўсюджваецца ў тым ліку на фізічных асобаў. Азнаёміцца з ім прапанавалі непасрэдна ў тэксце новай пастановы Рады ЕС.
Нагадаем, згодна з гэтым дакументам, новыя абмежаванні нацэленыя на гандаль, паслугі, транспарт і перадухіленне абыходу наяўных рэстрыкцый. Гэта ўключае забарону на імпарт з Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты.
«Рада падаўжае забарону на экспарт тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння, а таксама ўводзіць дадатковыя абмежаванні на экспарт тавараў, якія могуць спрыяць умацаванню прамысловага патэнцыялу Беларусі. Дадатковыя абмежаванні таксама ўводзяцца на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналогій марскога суднаходства і прадметаў раскошы», - гаворыцца ў паведамленні.
Таксама Еўрасаюз забараніў транспартаваць грузы праз сваю тэрыторыю на зарэгістраваных у Беларусі прычэпах і паўпрычэпах і ўвёў дадатковыя меры па экспартным кантролі ў дачыненні да Мінска. Яны датычаць адчувальных тавараў і тэхналогій, агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.
Пра забарону на ўвоз алкаголю, цыгарэт, касметыкі, тэкстылю і іншых тавараў, з якімі ў беларусаў узніклі праблемы на мяжы з Латвіяй, у дакуменце не гаворыцца.
Нагадаем, яшчэ летам 2022 года Латвія абмежавала ўвоз акцызных тавараў з Беларусі і Расіі.
Падобнае нядаўна было на мяжы з Літвой
Раней падобная сітуацыя ўзнікла на беларуска-літоўскай мяжы. З 3 чэрвеня ўрад Літвы ўвёў новы пералік тавараў, якія забароненыя для імпарту з Беларусі і Расіі. У спіс трапілі жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты з яго, яйкі, натуральны мёд, расліны, гародніна, садавіна, кава, збожжавыя, крупы, алей, напоі, тытунёвыя вырабы і іншыя прадукты - усяго больш за 2800 пазіцый.
Праз гэтыя санкцыі на мяжы з Літвой узніклі праблемы - у літоўскіх пунктах пропуску тым, хто заязджае з Беларусі, прапаноўвалі выкідваць прадукты, напоі (у тым ліку звычайную ваду), цыгарэты, лекі і іншыя тавары, нават тыя, якіх няма ў абмежавальным спісе. У пакоях надгляду ўтварыліся горы з выкінутых прадуктаў.
3 чэрвеня Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў, што былі праведзеныя кансультацыі з літоўскімі ведамствамі з нагоды забароны на правоз прадуктаў праз мяжу. Пазней літоўская мытня дазволіла беларусам увозіць прадукты ў адкрытых упакоўках і тавары для асабістага карыстання.
Чытайце таксама