«Нам не штрафы патрэбныя і пакаранні». Лукашэнка сабраў нараду па працы органаў кантролю
21 мая 2024 у 1716281880
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка 21 траўня сабраў нараду па пытаннях кантрольна-нагляднай дзейнасці. Прадметам абмеркавання стаў праект указа, які прадугледжвае карэктаванне нарматыўных прававых актаў у гэтай сферы, паведамляе яго прэс-служба.
У нарадзе бярэ ўдзел 21 чалавек, у тым ліку чальцы ўрада і губернатары. З дакладамі прыйшлі таксама першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў і кіраўнік Камітэта дзяржкантролю (КДК) Васіль Герасімаў.
Лукашэнка абвясціў, што КДК штогод інфармуе пра зніжэнне колькасці праверак на прадпрыемствах. Паводле справаздач ведамства, летась у параўнанні з 2019 годам агульная колькасць праверак скарацілася амаль на 30% (з 8822 у 2019 годзе да 6,5 тысячы ў 2023-м).
Аднак палітык абурыўся, што «на фоне паляпшэння статыстычных паказчыкаў па-ранейшаму не зжытыя негатыўныя тэндэнцыі ў гэтай сферы»:
- У прыватнасці, пад выглядам прафілактычных формаў кантролю - рознага роду маніторынгаў і тэхнічных аглядаў - часам праводзяцца паўнавартасныя праверкі. У цэлым па краіне вымалёўваецца лічба ў 300 тысяч такіх мерапрыемстваў за год.
Лукашэнка заявіў, што «ніякага ціску на прадпрыемствы, арганізацыі, суб'екты гаспадарання і на людзей быць не мусіць» і што органы кантролю «не павінныя людзям перашкаджаць працаваць». Аднак тут жа зрабіў агаворку:
- Але калі хтосьці заслугоўвае таго, каб яго праверылі, яго трэба правяраць столькі, колькі трэба. І плачы і стогны тут абсалютна ні да чога. Вы павінныя ставіцца (кантрольныя і іншыя органы, праваахоўныя) да нашых прадпрыемстваў як да сваіх дзяцей. Яны нас кормяць.
«Самае абуральнае», на думку Лукашэнкі, - «тое, што часам правяраюць абсалютна не тыя арганізацыі, якія варта было б правяраць».
- Па-іншаму нельга растлумачыць выпадкі, калі мне асабіста трэба ўмешвацца, каб навесці парадак, як з тым жа цэнаўтварэннем. Намаганні правяральнікаў часта скіраваныя менавіта на пошук недахопаў і прымяненне штрафных санкцый. А трэба было б - на паляпшэнне вынікаў дзейнасці прадпрыемстваў. Нам не штрафы патрэбныя і пакаранні. А паляпшэнне працы прадпрыемства, - заявіў палітык і дадаў, што даручыў «кардынальна разабрацца ў сітуацыі, змяніць стыль і метады працы».
Па выніках нарады Лукашэнка адправіў на дапрацоўку праект указа пра кантрольна-наглядную дзейнасць, паведамляе БЕЛТА. Паводле Мікалая Снапкова, у дакуменце прапісаныя два ключавыя кірункі. Першы - мінімальнае ўмяшанне з боку дзяржавы ў дзейнасць суб'ектаў гаспадарання. Выключаецца залішні кантроль за кошт скарачэння праверачных мерапрыемстваў і дублявальных функцый правяральнікаў.
- У гэтых мэтах праектам указа прапануецца акрэсліць перыядычнасць правядзення маніторынгаў не часцей за адзін раз на тры месяцы. Увесці забарону на правядзенне маніторынгаў цягам года пасля правядзення праверкі. За выключэннем выпадкаў наяўнасці звестак пра парушэнні заканадаўства, - сказаў першы віцэ-прэм'ер.
Указам таксама плануецца ўвесці абавязак правяральнікаў рэгістраваць у кнізе ўліку маніторынгі і мерапрыемствы тэхнічнага характару. Гэта, на думку распрацоўшчыкаў дакумента, істотна ўпарадкуе практыку іх правядзення. Прадугледжаныя і іншыя новаўвядзенні.
Дзе цяпер праходзяць праверкі і ўзмацненне кантролю
Нагадаем, раней КДК абвясціў пра ўзмацненне кантролю і праверкі ў розных сферах. Так, ведамства сумесна з урадам збіраецца ўзмацніць кантроль за працай прыватных клінік і аптэк, каб прасачыць за «абгрунтаванасцю» цэн на медыцынскія паслугі і лекі.
Акрамя таго, нядаўна Дзяржкантроль пачаў маштабныя праверкі якасці паслуг ЖКГ па ўсёй Беларусі, іх праводзяць разам са спецыялістамі органаў дзяржаўнага будаўнічага нагляду, аховы прыроды, а таксама санітарных службаў.
Кантралёры будуць правяраць стан дарог і вуліц, двароў і якасць добраўпарадкавання тэрыторый. Акрамя таго, будуць ацэньваць якасць па такіх крытэрах, як бесперабойная падача (газу, святла, цяпла, вады і інш.), своечасовы рамонт непаладак, захаванне этапаў планавання, арганізацыі і тэрмінаў выканання работ.
Чытайце таксама