Папулярную ў нулявыя расійскую спявачку Глюк’oZу затрымалі пасля прылёту ў маскоўскі аэрапорт Шарамеццева, а пазней аштрафавалі, піша тэлеграм-канал SHOT.
Паводле звестак SHOT, выканаўца прыляцела ў Маскву ў ноч на панядзелак. Паліцэйскія ў аэрапорце звярнулі ўвагу на «неадэкватны» стан расіянкі. Як сцвярджае SHOT, спявачка «ішла пасля рэйса, хістаючыся і з цяжкасцю трымаючыся на нагах». Пры гэтым паху алкаголю ад яе не было. Сілавікі дапусцілі, што яна знаходзілася пад уздзеяннем наркатычных рэчываў, і даставілі выканаўцу ў наркалогію. Праходзіць медагляд Глюк’oZа адмовілася.
22 кастрычніка суд прызначыў ёй 5 тысяч расійскіх рублёў (52 даляры) штрафу паводле адміністрацыйнага артыкула за невыкананне законнага патрабавання ўпаўнаважанай службовай асобы пра праходжанне медыцынскага агляду на стан ап’янення.
Як піша «Подъём», раней спявачка некалькі тыдняў правяла ў рэхабе пасля скандалу падчас канцэрту да Дня металурга ў Краснаярску — тады яе таксама западозрылі ва ўжыванні наркотыкаў, яна ж запэўнівала, што была не ў сабе праз сямейную трагедыю.